У Беларусі са скандалам пачалі будаваць першы цэнтр дайвінга

У апошнія дні сакавіка на дно ўнікальнага возера Рудакова, што месціцца каля Мядзела, беларускія дайверы “паклалі” верталёт Мі-2. Такім чынам на адным з самых прыгожых і чыстых вадаёмаў Нацыянальнага парка “Нарачанскі” пачалося стварэнне дайвер-цэнтра.

Стары верталёт стаў яго першым аб’ектам. Як патлумачыў Еўрарадыё аўтар ідэі стварэння дайвер-цэнтра Алег Карцаў, выбралі гэты лятальны апарат з-за металу, з якога ён зроблены.



Алег Карцаў: “Алюміній, калі ён пакрыты аксіднай плёнкай, можа праляжаць у вадзе без нейкіх наступстваў для навакольнага асяроддзя гадоў 400. Таму быў выбраны верталёт Мі-2. Бо ён дастаткова невялікі. Ён апушчаны на глыбіню 12 метраў і туды аквалангісты будуць здзяйсняць апусканні”.

Аднак акадэмікі і эколагі выступілі супраць затаплення верталёта. На думку спецыялістаў, яго корпус утрымлівае значную колькасць шкодных металаў, што кепска адаб’ецца на экасістэме возера, распавёў Еўрарадыё загадчык лабараторыі гідрабіялогіі БДУ Аляксандр Астапеня.

Аляксандр Астапеня:
“Калі загрузіць пад ваду сотні кілаграмаў алюмінію, дзе яшчэ ёсць медзь, цынк, кадмій, свінец у фарбе, то гэта ўсё ў працэсе карозіі металаў ператвараецца ў вельмі таксічныя рэчывы, якія ўздзейнічаюць на ўсё жывое. Гэта не адразу, гэта не тое, што выліць вядро цыяністага калію — але паступова гэта будзе ўздзейнічаць, і не ў лепшы бок”.

Аляксандр Астапеня, а таксама іншыя навукоўцы і акадэмікі звярнуліся з лістом у Мінпрыроды. На іх думку, дайверы хочуць ператварыць возера ў сметнік.







Але кіраўнік навуковага аддзела Нарачанскага парка Валерый Люштак з гэтым катэгарычна не згодны.

Валерый Люштак: “Не тое што ні пра які сметнік гаворка ісці не можа — ёсць дазвол, які вызначае бясшкоднасць верталёта для вадаёма. І маё меркаванне такое: гэты фюзеляж верталёта не нанясе бачнай шкоды возеру Рудакова”.

Цікава, што ідэя стварэння дайвер-цэнтра з’явілася яшчэ ў 2006 годзе. З таго часу быў падрыхтаваны верталёт, але тапіць яго нідзе не дазвалялі. Паводле словаў Валерыя Люштака, кіраўніцтва Нацыянальнага парку тады проста не зацікавілася такой прапановай.

Валерый Люштак: “2006 год: звяртаецца Беларуская федэрацыя падводнага плавання з просьбай затапіць фюзеляж верталёта у мэтах, якія іх цікавяць. І прыклалі ліст з дазволам Міністэрства прыродных рэсурсаў. Мы ўбачылі тады гэтую сітуацыю і адрэагавалі адмоўна. У нас тады працавала праграма экалагічнага аздараўлення, было шмат працы і асабліва разбірацца з гэтым пытаннем не было ні часу, ні жадання. З улікам таго, што Нацпарк не бачыў інтарэсу ў гэтым праекце”.

Але сёлета прэзідэнт падпісаў “Праграму развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна” — і цікаўнасць да праекта раптам з’явілася. Дайверам аддалі не толькі возера пад стварэнне парка для падводных апусканняў, але і 1,5 гектара зямлі на беразе пад будаўніцтва адпаведнай інфраструктуры. Цяпер у адміністрацыі парка з зайздросным імпэтам ухваляюць адрынутую некалі прапанову.

Валерый Люштак: “Гаворка ідзе не пра парк дзеля парка падводнага, а пра адзін з кампанентаў паўнавартаснага дайвер-цэнтра. Будзе будавацца пэўная наземная інфраструктура. У гэтай інфраструктуры будзе акватарыяльная частка і падводны парк з 3, 5, 7 аб’ектамі. Гэта будзе комплекс на беразе возера, дзе будзе гатэль, дзе будуць створаныя ўмовы для навучання навічкоў. І гэта будзе месца, куды прыязджаюць дасведчаныя дайверы”.

Тое, што на дно возера плануецца апусціць каля 7 аб’ектаў, пацвердзіў і Алег Карцаў. Але што гэта будзе: нейкія скульптуры ці старыя машыны — пакуль не вырашана. Тым не менш, ужо ёсць дастаткова арыгінальныя прапановы ад калег.

Алег Карцаў: “Ёсць прапанова пагрузіць танк Т-64Б. Танк гэта сучасны, яго вытворчасць скончылася ў 1989 годзе. Чаму гэты танк, я не ведаю. Але гэта сур’ёзная праблема — такі танк пагрузіць у Беларусі, бо ён дакладна сыдзе ў грунт”.

Акрамя жалеза і бетону, дайверы збіраюцца “запускаць” у возера шчупака, карпа ды іншую буйную рыбу. За выключэннем вугра: калі запусціць яго, кажа Алег, следам прыйдуць браканьеры і электравудамі знішчаць у возеры ўсё жывое. Да таго ж, дайверы абяцаюць пачысціць возера ад накіданага смецця і падтрымліваць чысціню на беразе.

Але спрэчка працягваецца, і да яе ўжо далучыліся проста цікаўныя на форумах.

Дарэчы, апусканне ў беларускія азёры прыраўноўваецца да зімовых апусканняў пад лёд. На тым жа Рудакове нават у ліпені на глыбіні 12 метраў тэмпература будзе каля 12 градусаў цяпла. Менавіта таму верталёт і не апускалі глыбей. Вось толькі Аляксандр Астапеня непакоіцца, што на такую глыбіню могуць самастойна залезці і хлопцы з суседняга Мядзела. І застацца там назаўжды. Алег Карцаў не выключыў такой магчымасці, але паабяцаў, што яны будуць сачыць за сваім верталётам і за тым, хто туды лазіць.

Што тычыцца таго, калі на беразе возера пачнецца сапраўднае будаўніцтва дайвер-цэнтра, то адказаць на гэтае пытанне складана. Бо, заўважае Валерый Люштак, у адміністрацыю Нацпарка забудоўшчыкі пакуль не падалі нават праекта на паперы.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі