У беларускім самалёце памёр спартовы ўрач з Францыі
Філіпэ Ганглоф быў у “Стайках” з французскай зборнай па грэка-рымскай барацьбе. Падчас вяртання ў Парыж яму стала вельмі дрэнна ў самалёце
Выпадак здарыўся яшчэ 15-га сакавіка, калі “Хаўер” замятаў снягамі сталіцу. Зборная Францыі па грэка-рымскай барацьбе вярталася з Мінска ў Парыж рэйсам “Белавіі”.
“Наш самалёт быў апошні, які выпусцілі ў завіруху. Узляталі цяжка, нас боўтала, ― распавядае сведка трагедыі, якая таксама ляцела ў Парыж. ― Яшчэ перад пасадкай было відаць, што гэтаму мужчыну дрэнна. Яму дапамагалі выходзіць з аўтобуса, падтрымлівалі, калі ішоў на борт. Калі ўжо ляцелі, у самалёце яму пагоршала яшчэ больш, ён некалькі разоў наведваў туалет. Ішоў туды, трымаючыся за сядзенні.
І вось, калі падляталі да Парыжа, да туалета падбег трэнер іх каманды, пачаў клікаць спартсменаў. Стала зразумела, што нешта адбылося.
Падышоў час пасадкі, сцюардэсы папрасілі ўсіх сесці і запатрабавалі вызваліць туалет. У выніку дзверы адчынілі прымусова. Яго паклалі ў праход. Не ведаю, быў ён мёртвы ці магчыма было нечым дапамагчы. Пачалася мітусня. На борцебыў пасажыр-урач, які туды падышоў. Сцюардэсы туды-сюды бегалі. Спачатку доўга шукалі паўсюль кіслародную маску. Па гучнай сувязі ім перадавалі: “Паглядзі справа, паглядзі злева”. У выніку маску на дзясяты раз знайшлі. Потым абсалютна гэтак жа бегалі і шукалі кіслародны балон. А ён ужо не дыхаў, патрэбна была кіслародная падушка, каб прымусова ўводзіць кісларод. У іх гэтага на борце не было. Калі самалёт спыніўся у “Шарль дэ Голі”, мясцовыя медыкі нас ужо чакалі. Але сэнсу ўжо не было”.
Еўрарадыё: То бок, на вашу думку, сродкі для рэанімацыі шукалі вельмі доўга?
Сведка трагедыі: “Лічу, што першую дапамогу аказаць як належыць не змаглі. Ды і не было чым яе аказваць. Роўна праз тыдзень я ляцела ў Вену “Аўстрыйскімі авіялініямі”. Рэйс быў, сумесны з “Белавіяй”, але экіпаж замежны. У маладога мужчыны пачаўся прыступ эпілепсіі, і ніхто зноў-такі не ведаў, як сябе паводзіць. Сцюардэсы былі абсалютна бездапаможныя”.
Памерлы доктар-фізіятэрапеўт Філіпэ Ганглоф працаваў са зборнай Францыі больш за 10 год. Ён меў праблемы са здароўем, пра гэта ведалі ў камандзе. За некалькі дзён да смерці ў алімпійскім комплексе “Стайкі” Філіпэ ў чарговы раз стала дрэнна. Але мужчына палічыў, што і гэтым разам мінецца, вырашыў дачакацца прылёту дадому.
Трагічная смерць Філіпэ Ганглофа (злева) стала шокам для французскіх барцоў. Яго, высакакласнага спецыяліста, трымалі ў камандзе, нягледзячы на слабае здароўе
“Ён памёр за пяць хвілін да таго, як самалёт зайшоў на пасадку. Здарыўся сардэчны прыступ. У яго і раней былі праблемы са здароўем у гэтым плане. Быў і цукровы дыябет”, ― кажа Аляксандр Казоўскі, наш дзяржаўны трэнер па грэка-рымскай барацьбе.
Еўрарадыё: Калі ён хворы, навошта французы пацягнулі яго на зборы?
Аляксандр Казоўскі: “Калі ён прыехаў, адчуваў сябе нармальна. А ў апошнія дні стала горш. Але па дапамогу француз не звяртаўся, не шпіталізаваўся, хоць па страхоўцы гэта было магчыма”.
З-за адсутнасці на месцы кампетэнтнай асобы ў “Белавія”не пракаментавалі трагічнае здарэнне з французскім урачом. Але ў кампаніі падкрэслілі, што пад сакрэтам інфармацыя не трымаецца. На пытанне, ці маецца на бортах “Белавіі” належнае абсталяванне для аказання першай медыцынскай дапамогі, Еўрарадыё абяцалі адказаць днямі.
Фота з архіву Французскай федэрацыі барацьбы