У Брэсце адкрылася выстава робатаў, зробленых са "смецця" (фота)
Матэрыялам для іх стварэння сталі старыя тэлевізары, фотаапараты і радыёпрыёмнікі.
Аўтарам экспазіцыі з'яўляецца Аляксандр Гадун, выкладчык БрДТУ. Да 47-годдзя ўніверсітэта ён прадставіў сваю калекцыю з 65 робатаў, 5 з якіх дасягаюць чалавечага росту. Праўда, сапраўднымі робатамі іх не назавеш, гэта хутчэй тэматыка інсталяцый аўтара. Толькі некаторыя з іх могуць часткова рухацца, і толькі праз дыстанцыйнае кіраванне.
Са словаў Аляксандра Гадуна, выраб аднаго робата, у залежнасці ад памеру, можа запатрабаваць да месяца часу. Зарабляць жа на сваім хобі аўтар не збіраецца, хоць і неаднаразова чуў прапановы аб куплі інсталяцый.
Гадун: "У кожную працу, чаму яна так цікавая, укладзена душа, нейкі інтарэс. А паставіць гэта на масавы паток я не магу. На кожную новую працу мне прыходзіцца выдаткоўваць аднолькавую колькасць намаганняў, а гэта ня лёгка".
Выстава праходзіць у галерэі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта. Яна працягнецца да 14 красавіка.