У Брэсце адбыўся міжнародны рок-фестываль "X-Star" (фота)
Конкурс для маладых рок-выканаўцаў у сёмы раз прайшоў у горадзе над Бугам.
Як ужо стала традыцыйна, адбор удзельнікаў фэсту і непасрэдна конкурсную частку арганізатары правялі ў 2 дні. На фінальны канцэрт у грамадска-культурным цэнтры трапілі 8 гуртоў з усёй Брэсцкай вобласці. Па правілах, канкурсанты мусілі выканаць па 2 песні, а іх выступ паводле некалькіх крытэрыяў ацэньвала журы.
Прыняцце рашэння аб фіналістах суправаджалася сапраўдным шоу ад хэдлайнераў канцэрту — амерыканцаў Los Vecinos. Сумесь року і лацінаамерыканскіх матываў у лепшых традыцыях Manu Chao разварушылі ажно самых стомленых пасля шматгадзіннага мерапрыемства гледачоў.
Вердыкт журы: першае месца заняў беларускамоўны гурт “Анахарсiс”. Абвяшчэнне пераможцаў не сталася асаблівым сюрпрызам. Якаснае выкананне класічнага хэві значна вылучала брэсцка-столінскі праект на агульным фоне. Іх франтмэн Юрый Харэвіч таксама атрымаў званне найлепшага вакаліста.
Дарэчы, 3 сакавіка ў брэсцкім клубе "Сфера" пройдзе агульны канцэрт пераможцаў. Разам з “Анахарсіс” на адну сцэну выйдуць “Цветные карандаши” і The Lover's Gun. Гурты занялі на X-Star 2-е і 3-е месца адпаведна.
Юрый Харэвіч, "Анахарсіс"
"Анахарсіс"
Los Vecinos
Los Vecinos