У Брэсце акцыя “Стоп-бензін” прайшла без затрыманняў (фота)
Яе ўдзельнікі па некалькі разоў заправілі 2 л (мінімальную колькасць паліва) за самыя дробныя грошы.
Аўтамабілісты прыехалі на крайнія заходнюю і ўсходнюю запраўкі горада. У выніку першая запраўка мусіла закрыцца “па тэхнічных прычынах”. Удзельнік акцыі Дзмітры так пракаментаваў сітуацыю:
Дзмітры: "Мэта нашай акцыі — выказаць салідарнасць з мінскімі калегамі-аўтамабілістамі, якія напісалі ліст у "Белнафтахім", каб тыя патлумачылі, як утвараецца кошт паліва. Сённяшняя акцыя, лічу, удалася адсоткаў на 20, бо ў сацыяльных сетках выказалі гатоўнасць узяць удзел каля 140 чалавек. Далей будзем чакаць, што адкажа "Белнафтахім", і зноў збірацца, казаць, што незадаволеныя незразумелымі павышэннямі коштаў на паліва, што хочам пераменаў".
У акцыі ўзялі удзел 29 аўтамабіляў, па дарозе добраахвотна далучыліся яшчэ некалькі кіроўцаў. На стартавай кропцы ўдзельнікаў акцыі папярэдзілі пра адказнасць “людзі ў цывільным”. Калону аўтамабіляў здымаў на камеру супрацоўнік міліцыі. Нікога не затрымалі.