У Брэсце суд аштрафаваў адзін з бакоў масавай бойкі
Рэгіянальныя СМІ называюць пакараных “антыфашыстамі”.
Другі бок (футбольныя фанаты) на судзе прадстаўлены не быў: міліцыя не склала на іх пратаколаў. Праваабаронца Валянцін Лазарэнкаў, які прысутнічаў на працэсе, распавёў наступнае:
"Сёння мелі разглядзець чатыры справы. Разглядзелі дзве. Маладым людзям прысудзілі штраф у пяць базавых велічынь — 500 тысяч рублёў. Разгляд двух пазасталых спраў перанесены на 17 красавіка. Парушальнікамі зноў становяцца хлопцы з антыфашысцкімі перакананнямі".
Нагадаем, бойка адбылася 19 лютага каля аднаго з брэсцкіх начных клубаў, дзе сённяшнія падсудныя адзначалі дзень нараджэння. У ёй удзельнічалі некалькі дзясяткаў чалавек, міліцыянты затрымалі 13. Дзевяць з іх пазней адпусцілі без складання пратаколаў, аднаго завезлі ў бальніцу, а потым — у ізалятар часовага ўтрымання, дзе ўжо сядзелі трое яго таварышаў. 20 лютага суд Ленінскага раёна адправіў справы на дапрацоўку, але прыкметаў крымінальнага злачынства знойдзена не было.
Канфлікт паміж маладзёвымі групоўкамі ў Брэсце цягнецца ўжо некалькі гадоў, кажа Валянцін Лазарэнкаў. “Заўсёды міліцыя складала пратаколы на сённяшніх падсудных і не чапала фанатаў", — адзначае ён.