У Брэсце забаронены яшчэ адзін заяўлены сацыял-дэмакратамі пікет

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Лазарэнкаў, ён накіроўваў у Брэсцкі гарвыканкам заяву на правядзенне пікету 17 чэрвеня, каля ўваходу на рынак "Лагуна" . Яму адказалі, што ў правядзенні акцыі адмоўлена, бо пікет планаваўся не на вызначаным для такіх мерапрыемстваў стадыёне "Лакаматыў".

"Але і на гэтым стадыёне ўлады забаранілі пікет супраць збяднення насельніцтва. Яго заяўляла на 11 чэрвеня, — дадаў Лазарэнкаў. — Дарэчы, сёлета гарвыканкам забараніў усе заяўленыя апазіцыяй акцыі: і на "Лакаматыве", і па-за ім. На падставе гэтага можна канстатаваць, што ў Брэсце груба парушаецца Канстытуцыя Беларусі і закон аб масавых мерапрыемствах, якімі гарантуецца права на мірныя сходы і на свабоднае выказванне меркавання".

Палітык нагадаў, што мэтай пікетаў 11 і 17 чэрвеня было выказванне пратэсту ў сувязі з рэзкім зніжэннем узроўню жыцця жыхароў Беларусі.

"Мы маем намер разглядаць магчымасці правядзення такіх акцый пратэсту ў іншым фармаце, у прыватнасці, распаўсюджання спецыяльных улётак і бюлетэняў", — заявіў Лазарэнкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі