У Дзень свабоды прэсы ўзнагародзілі пераможцаў “Вольнага слова”

120503 Luka6uk Volnae slova.mp3

Больш за 100 рэпартажаў ад 50 журналістаў перачыталі сябры журы конкурса “Вольнага слова”. Як адзначае старшыня журы Юрась Карманаў, выбіраць было больш чым складана.

Юрась Карманаў: “Больш за сотню прац было сёлета прадстаўлена на конкурс і каля поўсотні журналістаў пажадалі сёлета ўдзельнічаць у конкурсе. Гэта ў два разы больш, фактычна, чым летась. Канкурэнцыя павялічваецца. Перамагаюць лепшыя з лепшых”.


              Юрась Карманаў

У намінацыі "Найлепшая аналітычная публікацыя" першае месца атрымала журналістка “Народнай волі” Святлана Калінкіна за матэрыял “Пытка”. Як прызнаецца сама пераможца, пісаць аналітыку яе прымусілі... узрост і абставіны.

Святлана Калінкіна: “І ўзрост, і падзеі, якія адбываліся ў мінулым годзе, паспрыялі таму, што найбольш матэрыялаў у мяне было менавіта аналітычнага кшталту. Я вельмі ўдзячная, што так высока ацанілі мае тэксты і гэты тэкст канкрэтна, але хачу і вам, і сабе пажадаць добрых навін, добрых нагод і светлых, радасных падзей і ў гэтым годзе, і ў наступным”.


               Святлана Калінкіна

Пераможца ў намінацыі "Найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру" Анастасія Зелянкова насмяшыла прысутных прызнаннем: сваёй перамогай яна даказала старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, што жанчыны прыдатныя не толькі для таго, каб боршч варыць.

Анастасія Зелянкова: “Для мяне вельмі важна не толькі з сябе ўяўляць як маці, як жонка — для мяне важна быць асобай у сваёй прафесіі. У мяне атрымалася і тое, і другое!”


           Анастасія Зелянкова

Дапамогу ў арганізацыі конкурса “Беларускай асацыяцыі журналістаў” аказала амбасада Славацкай Рэспублікі. Амбасадар Мар'ян Сэрватка прызнае, што такое супрацоўніцтва вельмі важнае для супрацоўніцтва нашых краін.

Мар'ян Сэрватка: “Я хачу перадаць віншаванні людзям, якія сёння атрымалі гэтыя прызы. Гэта важна для гісторыі беларускай журналістыкі — але і для нашых узаемаадносінаў беларуска-славацкіх. Бо я тут бачу маладых  класікаў беларускай журналістыкі і моладзь, якая толькі стартуе”.




Старшыня БАЖ Жана Літвіна, на заканчэнне ўрачыстасці, звярнула ўвагу, што яна адмыслова праводзіцца ў Сусветны дзень свабоды прэсы.

Жана Літвіна: “Самае галоўнае, чым сённяшні дзень у нас асветлены, — сёння Сусветны дзень свабоды прэсы. І я спадзяюся, што да таго шматгалосся, якое сёння гучыць з боку міжнароднай супольнасці, нашы галасы таксама туды далучацца — за права на прафесію, за свабоду прэсы, за адсутнасць цэнзуры. Вельмі хацелася, каб мы сёння жылі, адчуваючы сябе часткай міжнароднай журналісцкай супольнасці”.




Юрась Карманаў кажа, што, вычытваючы сёлета такую колькасць матэрыялаў, ён нават палысеў. Між тым, старшыня журы сцвярджае: яны зробяць усё, каб колькасць удзельнікаў “Вольнага слова-2013” была не меншая за сёлетнюю. Страшна ўявіць, чым гэта для яго можа скончыцца...

Намінацыя "Найлепшы інфармацыйны матэрыял"


1 месца — Сямён Печанко (газета "Наша Ніва", тэкст "Рэпартаж з “забароненага горада")


2 месца — Зміцер Лукашук ("Еўрарадыё", тэкст "Ярмошына: Чаму я не магу быць такой жа свабоднай, як Дарафееў ці Някляеў?")


3 месца — Клім Халецкі (34mag.net, тэкст "Другая кроў. Fight club па-беларуску")

Намінацыя "Найлепшая аналітычная публікацыя"


1 месца — Святлана Калінкіна (газета “Народная воля”, тэкст "Пытка")
2 месца — Алесь Герасіменка (Generation.by, "Наша мова — ня сэксі")
3 месца — Зміцер Панкавец (газета “Наша Ніва”, тэкст "60 найвышэйшых урадоўцаў: хто яны?")



Намінацыя "Найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру"

1 месца — Анастасія Зелянкова (інтэрнэт-газета “Салідарнасць”, тэкст "Девочка на заказ")
2 месца — Руслан Гарбачоў (інтэрнэт-газета “Салідарнасць”, тэкст "Как убивали "всебелорусского старосту")
3 месца — Зміцер Панкавец, Андрэй Дынько (газета “Наша Ніва”, тэкст "З жалезам у крыві")
 
Намінацыя "Журналісцкае расследаванне"


1 месца — Яўген Валошын (газета “Звязда”, тэкст "Нашэсце дызайнерскіх наркотыкаў. Як барыга прадаваў мне эйфарыйны парашок?")
2 месца — Марыя Эйсмант (газета “Народная воля”, тэксты "Апошні званок?", "Глухі суд")
 
Намінацыя "Дэбют"


1 месца — Марыя Малевіч (газета “Народная воля”, тэкст "Кто в Беларуси заработал на Bentley?")
2 месца — Таццяна Шапуцька (TUT.by, тэкст "Як нелегальна зарабляюцца дзясяткі тысяч долараў на міжнародных рэйсах")
3 месца — Зміцер Андронаў (газета “Інфа-кур’ер”, тэкст "Як я адзін дзень быў беларускамоўным")
 
"Спецыяльны прыз журы"


Іна Хоміч (газета “Брестский курьер”, тэкст "Жылі ў бабусі дзве вясёлыя гусі"

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі