"У ЕС адзіная пазіцыя: падтрымліваць і наладжваць кантакты з Беларуссю"
Амбасадар Швецыі ў Польшчы Даг Хартэліус (Dag Hartelius) расказаў Еўрарадыё, чаму іх краіна імкнецца сябраваць з афіцыйным Мінскам і калі беларусы змогуць без в
— У інтэрв’ю Еўрарадыё віцэ-міністр замежных спраў Польшчы сказаў, што іх краіна і Нямеччына падтрымліваюць ідэю лібералізацыі візавага рэжыму для грамадзян краін-удзельніц "Усходняга партнёрства". А якая па гэтым пытанні пазіцыя ў Швецыі?
— У нас такая ж пазіцыя па гэтым пытанні. Мы лічым, што вельмі важна для грамадзян краін-партнёраў мець магчымасць лёгка выехаць у Еўрасаюз. Але, як вы ведаеце, гэтае рашэнне не залежыць толькі ад нас. Яго павінны патрымаць усе 27 дзяржаў ЕС. А ў некаторых краінах на гэтых конт ёсць сумненні, народжаныя іх унутранымі прычынамі. Таму гэты працэс не можа рухацца хутка. Але мы — шведы, палякі, немцы — працуем над тым, каб гэта атрымалася так хутка, як толькі магчыма.
— Але калі ацэньваць сённяшнюю сітуацыю ў свеце, сённяшнія настроі на гэты конт у краінах ЕС — на які тэрмін можа расцягнуцца станоўчае рашэнне гэтага пытання: год, пяць, дзесяць?
— Гэта вельмі-вельмі складана сказаць. Зараз Еўрасаюз працуе над умовамі для кожнай асобнай краіны "Ўсходняга партнёрства", распрацоўвае цэлую стратэгію, якая будзе аднолькавая для ўсіх краін-партнёраў, уключаючы Расію. І вось калі краіны будуць выконваць гэтыя ўмовы і будуць адпавядаць пэўным крытэрыям, тады можна будзе казаць пра бязвізавыя паездкі. Зараз вельмі цяжка казаць пра тэрміны: год альбо пяць. Гэта залежыць і ад нас, ад стратэгіі Еўрасаюза ў гэтым пытанні. Але, натуральна, і ад краін-партнёраў — калі яны змогуць выканаць усе нашыя ўмовы.
— Краіны Еўрасаюза па-рознаму ставяцца да кантактаў з афіцыйным Мінскам: адны з насцярогай, іншыя самі шукаюць гэтага кантакту. Швецыя якой стратэгіі ў гэтым сэнсе прытрымліваецца?
— Калі мы хочам у якасці Еўрасаюза праводзіць эфектыўную палітыку, то мы павінны аб’ядноўвацца вакол адзінай пазіцыі. Гэтая дыскусія была заўсёды. Прынамсі, апошнія 10 гадоў у Еўрасаюзе спрачаліся: “Якая можа быць самая эфектыўная палітыка ў адносінах да Беларусі? Ізаляваць альбо супрацоўнічаць? І якія павінны быць крытэрыі выбару кантактаў на ўзроўні кіраўніцтва?”. Мы заўсёды былі супраць ізаляцыі Беларусі. Бо ў гэтым выпадку будзе пакутаваць беларускі народ. Цяпер Еўрасаюз мае адзіную пазіцыю наконт кантактаў з уладамі.
— Падтрымліваць?
— Так, падтрымліваць і наладжваць кантакты.
— Вы як дасведчаны дыпламат верыце ў тое, што гэтым разам Лукашэнка ўсур’ёз вырашыў ісці на збліжэнне з Еўрасаюзам?
— Мне вельмі складана адказаць на гэтае пытанне. Жыццё пакажа. Азіраючыся назад і параўноўваючы, мы бачым, што сёння шмат што змянілася. Але ж… мне цяжка адназначна адказаць на гэтае пытанне.
— А ці верыце вы ў тое, што сённяшняя беларуская ўлада здольная правесці дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі?
— Зразумела, цікава будзе паглядзець, што ў вас будзе адбывацца падчас прэзідэнцкіх выбараў. Але мы спадзяемся на тое, што паездка ў Мінск міністраў Польшчы і Нямеччыны будуць мець нейкае значэнне.
— Існуе небяспека, што Расія, у выпадку пераабрання Лукашэнкі, не прызнае беларускія выбары. А пры якіх умовах Еўрасаюз прызнае ці не прызнае вынік выбараў у Беларусі?
— На выбарах у Беларусі будуць прысутнічаць назіральнікі. Тое ж АБСЕ. І што ў выніку скажуць яны і іншыя назіральнікі, гэта, безумоўна, паўплывае на прыняцце рашэння. Будзе аналіз, будзем выслухоўваць рапарты, будзе дыскусія — і толькі потым будзем вырашаць: шклянка напалову поўная ці напалову пустая.