У Еўрапарламенце спрачаліся, ці пазбаўляць Беларусь хакейнага чэмпіянату

Напярэдадні прыняцця рэзалюцыі па Беларусі еўрадэпутаты правялі паўгадзінныя дэбаты. Па словах старшыні Дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Яцэка Пратасевіча, рэзалюцыя з'яўляецца "адказам на вайну, развязаную беларускімі уладамі супраць Еўропы". Маецца на ўвазе дыпламатычны канфлікт, звязаны з просьбай беларускага МЗС да польскага амбасадара і старшыні дыпламатычнай місіі ЕС часова пакінуць Беларусь.

Усе еўрадэпутаты салідарныя з тым, што беларускія ўлады свядома ізалююць краіну ад еўрапейскіх краінаў, што яны мусяць вызваліць зняволеных па палітычных прычынах грамадзян і правесці дэмакратычныя рэформы.

Але наконт маштаба санкцый і Чэмпіянату па хакеі – 2014 паўсталі рознагалоссі. Частка дэпутатаў выступае за больш жорсткія меры і заклікаюць Міжнародную федэрацыю перанесці хакейнае спаборніцтва ў іншую краіну.

Былая міністарка замежных спраў Эстоніі Крыстына Оюланд: "Дыктатар не разумее прынцыпаў дэмакратыі, а значыць і спартовых прынцыпаў, сутнасць якіх у свабоднай канкурэнцыі".

Такога ж меркавання польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі: "Спаборніцтва свету трэба перанесці ў іншую краіну, бо такая радасная падзея не мусіць праходзіць у краіне, дзе асаблівых прычынаў для радасці няма, дзе няволяць палітычных апанентаў і катуюць дзеячоў апазіцыі". Былы хакеіст Пэтэр Шцястны таксама выказаўся, што дзеля рэпутацыю спорту Федэрацыя спорту мусціь перанесці спаборніцтва да зменаў у Беларусі.


Былы прэм'ер-міністр Латвіі Іварс Годманіс з такім гледзішчам не згодны. Ён лічыць, што чэмпіянат павінен стаць не праблемай, а часткай яе вырашэння.

Іварс Годманіс: "Гэта рэдкая магчымасць з'ехацца розным людзям. Важна разумець, што ў Беларусь прыедуць шмат людзей, што змогуць кантактаваць з беларусамі і свабодна абменьвацца поглядамі. Гэта дапаможа данесці інфармацыю пра рэальную сітуацыю".

Іншыя латвійскія еўрадэпутаты (Крыш'яніс Карыньш і Інэсэ Вайдэрэ) заклікалі быць вельмі асцярожнымі з маштабнымі эканамічнымі санкцыямі, якія могуць пашкодзіць простым беларусам і эканамічным сувязям Беларусі з еўрапейскімі краінамі. Разам з тым, і яны падтрымліваюць ідэю візавага забароннага спісу і кропкавых санкцый супраць беларускіх уладаў.

У дэбатах прымаў удзел і еўракамісар па развіцці Андрыс Піебалгс. Ён заявіў, што выканаўчыя органы ЕС прымуць да ўвагі рэзалюцыю Еўрапарламента і пацвердзіў, што без вызвалення палітычных зняволеных, Савет ЕС на паседжанні 23 сакавіка збіраецца дадаць у "чорны спіс" іншых бізнесоўцаў.


У абед 15 сакавіка адбудзецца галасаванне па ўзгодненым тэксце рэзалюцыі па Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі