У Гамбіі аднавіліся смяротныя пакаранні пасля 27 год перапынку
Дзевяць чалавек былі пакараныя смерцю ў ноч з чацвярга на пятніцу, сярод іх адна жанчына і трое асуджаных “за дзяржаўную здраду”.
Факт страты пацвердзілі надзейныя крыніцы, інфармуе ВВС са спасылкай на Amnesty International. Такі ж самы лёс можа напаткаць у бліжэйшы час яшчэ шэраг людзей. Выступаючы ў мінулую нядзелю па нацыянальным тэлебачанні, прэзідэнт Гамбіі Яйя Джаме заявіў, што “усе раней вынесеныя смяротныя прысуды будуць выкананыя да сярэдзіны наступнага месяца”.
У гамбійскіх турмах знаходзілася 47 смяротнікаў. Апошні раз у гэтай краіне каралі смерцю ў 1985 годзе. Гэтую меру пакарання адмяніў папярэдні прэзідэнт Дауда Джавара. Затым у 1995 годзе яе фармальна аднавіў цяперашні лідар Яйя Джаме.
Джаме стаў прэзідэнтам Гамбіі ў 1994 годзе ў выніку перавароту. У лістападзе 2011 года ён у чацвёрты раз выйграў прэзідэнцкія выбары ў гэтай маленькай краіне ў цэнтры Афрыкі. Тады 46-гадовы лідар заявіў, што гатовы кіраваць мільярд гадоў і параіў крытыкам “каціцца да чорта”, бо ён не баіцца “нікога, апрача Бога”.