У Глыбокім з’явіцца скульптурная галерэя мясцовых знакамітасцяў
Бюсты славутых ураджэнцаў краю паставяць на плошчы 17 Верасня, да Дня беларускага пісьменства, якое будзе святкавацца 2 верасня.
Тут павінны з’явіцца выявы генеральнага канструктара авіятэхнікі Паўла Сухога, фалькларыста і мастака Язэпа Драздовіча, журналіста і лінгвіста, які адрадзіў іўрыт у якасці размоўнай мовы, Эліэзэра Бэн-Іегуды, заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. Раней паведамлялася, што пачэснае месца ў галерэі зойме і бюст прэм’ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага, пішуць “Народныя навіны Віцебска”.