У Гомелі футбольныя фанаты пабіліся са спецназам (фота)

Першымі ў матчы лік маглі адкрыць дынамаўцы, але паўабаронца гасцей Міхаіл Афанасьеў напрыканцы першага тайма не змог рэалізаваць пенальці. На перапынак каманды сышлі з сухім лікам.

У другім тайме “Гомель” узяў ініцыятыву ў свае рукі і на 56-й хвіліне, пасля ўдара Мікалая Кашэўскага гаспадары поля выйшлі наперад, але не надоўга. Праз восем хвілін “Дынама” зраўняла лік з дапамогай Аляксандра Бычанка.

Фанаты мінскага “Дынама” на трыбунах так перапоўніліся эмоцыямі, што пачалі распальваць фаеры і кідаць іх. Пасля таго як некалькі фаераў паляцелі на поле, гомельскі спецназ стаў выцягваць з трыбун мінскіх фанатаў і ледзь не справакаваў гэтым бойку.

Супакойваць заўзятараў падбегла да трыбун некалькі сталічных футбалістаў. Пасля другога, пераможнага для гамяльчан гола (Артур Лявіцкі, 79), мінскія фанаты зноў распальвалі фаеры, але на гэты раз абышлося без спецназу, бо на поле ўжо нічога не ляцела.

Усяго матч у Гомелі наведала каля дзевяці тысяч чалавек. Але ж сектар фан-клуба “Гомеля” пуставаў — мясцовыя прыхільнікі абвясцілі “забастоўку” да канца чэмпіяната. Прычынай гэтага сталі некаторыя непаразуменні між імі і кіраўніцтвам клуба. Адзначым, што "Гомель" заваяваў бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі