У Гомелі прайшла дабрачынная акцыя “Падары ім шанец”
Цягам некалькіх гадзін гамельчукі маглі бясплатна ўзяць да сябе шчанюка ці кацяня.
Дабрачынная акцыя валанцёрскага руху па абароне жывёл пад назвай “Падары ім шанец” прайшла ў Гомелі ўжо ў трэці раз. У фае гарадскога грамадскага-культурнага цэнтра гамельчукі маглі абраць сабе гадаванца з ліку тых, якія апынуліся на вуліцы, і падарыць ім шанец на шчасце ды годнае жыццё. Усе жывёлы, што былі прадстаўлены патэнцыйным гаспадарам, агледжаны ветэрынарным лекарам і прышчэплены ад шаленства, некаторыя з іх — стэрылізаваныя.
Пад час мерапрыемства сваімі выступамі валанцёраў падтрымалі некаторыя танцавальныя ды творчыя калектывы горада і гомельскія рок-гурты “Всё по 800” і “Проспект 45”.
На акцыі таксама быў арганізаваны збор дапамогі ў якасці корму, лекаў ды іншых харчоў для катоў і сабак.