У Гродне праходзіць канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест”

Навуковае мерапрыемства складаецца з дзвюх секцый: “Горад і яго жыхары ў XIX-XX стагоддзях” і “Гародня і павет у перыяд Вялікага Княства Літоўскага”. Даклады закранаюць самыя розныя аспекты жыцця горада: гісторыя прастытуцыі, злачных месцаў, адукацыйная дзейнасць духавенства, Гродна пад час Магдэбургскага права.

Мерапрыемства адбываецца ў рамках адзначэння грамадскіх Дзён горада. Паводле задумы арганізатараў, канферэнцыя мае ўнікальны характар і павінна ствараць незалежную інтэлектуальную прастору ў Гродне:

 “Тэму аднаго рэгіёна сістэмна даследуе даволі вялікая колькасць гісторыкаў. Таксама гэты навуковы праект дзейнічае выключна дзякуючы энтузіязму даследчыкаў і падтрымцы грамадскасці, а не якому-небудзь інстытуту ці ўніверсітэту”, — адзначыла Еўрарадыё адна з арганізатараў Наталля Сліж.

Штогод пры яе падрыхтоўцы арганізатары сутыкаюцца з перашкодамі. Сёлета ў апошні момант “Гарадзенскі палімпсест” забаранілі правесці ў Беларускім інстытуце правазнаўства.

У 2008 годзе “Гарадзенскі палімпсест” стаў адказам на скандал на гістарычным факультэце гродзенскага ўніверсітэта. Вядомых гісторыкаў Алеся Смаленчука і Алеся Краўцэвіча выключылі са спісу ўдзельнікаў канферэнцыі “Гродна і гродзенцы: дзевяць стагоддзяў гісторыі”. Прычына была выключна ідэалагічнай: Смалянчук і Краўцэвіч актыўна ўдзельнічалі ў кампаніі супраць разбурэння старога Гродна ўлетку 2007 года.

На знак салідарнасці з калегамі каля 40 навукоўцаў заявілі пра свой байкот канферэнцыі на гістфаку. “Рэпрэсаваныя” гісторыкі вырашылі ўсё ж заслухаць даклады, што не прагучалі ва ўніверсітэце. У рамках Дзён Святога Губерта яны правялі навуковую канферэнцыю, а серыя “Гарадзенская бібліятэка” выдала зборнік матэрыялаў. Натхнёныя першым поспехам і цікавасцю з боку грамадскасці і даследчыкаў, гродзенскія гісторыкі праводзяць буйное навуковае мерапрыемства ўжо  ў чацвёрты раз.

Адкрыццё канферэнцыі наведаў генеральны консул у Гродне Анджэй Хадкевіч. Увечары Сяргей Харэўскі прадставіць кнігу нямецкага журналіста Увэ Рада “Галасы Панямоння: гісторыя, культура, лёсы аднаго еўрапейскага абшару”.

На фота: Арганізатары кандыдат гістарычных навук Наталля Сліж і прафесар Алесь Смалянчук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі