У Іспаніі зарэгістравалі больш за 20 тысяч аднаполых шлюбаў

Днямі Новая Зеландыя легалізавала аднаполыя шлюбы і стала 13-й краінай у свеце, якая дала сваім грамадзянам такое права.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, як часта грамадзяне ўступаюць у аднаполыя саюзы там, дзе гэта дазволена.

“Аднаполыя шлюбы дазволеныя ў Бельгіі з 2003 года. Для большасці бельгійцаў аднаполыя шлюбы цяпер не з’яўляюцца праблемай, яны прызвычаіліся да гэтага на ментальным узроўні. І ёсць толькі невялікая колькасць людзей, якія лічаць, што гэта кепска”, — кажа супрацоўніца па сувязях бельгійскай федэрацыі ЛГБТ-асацыяцый Arcenciel Верлаін Бергер.

Паводле яе словаў, штогод у краіне рэгіструецца каля 300 аднаполых шлюбаў. Колькасць жыхароў у Бельгіі параўнальная з колькасцю жыхароў Беларусі — амаль 11 мільёнаў. Прыкладна, столькі ж жыхароў і столькі ж аднаполых шлюбаў у Партугаліі. Цікавая рэч, у мінулым годзе ў краіне на Пірэнеях налічылі ўдвая больш “мужчынскіх” саюзаў больш, чым “жаночых”: 221 супраць 103!

У Даніі аднаполыя шлюбы дазволілі мінулым летам. Супрацоўніку арганізацыі “Denmark LGBT” складана акрэсліць колькасць такіх саюзаў.

Супрацоўнік “Denmark LGBT”: “Першы закон аб аднаполых шлюбах (закон аб зарэгістраваных партнёрствах 1989 года — заўв. Еўрарадыё) уключаў некалькі выключэнняў, і таму такія шлюбы нельга лічыць да канца сапраўднымі. І таму шмат людзей, якія ажаніліся перад прыняццем новага закона, цяпер жэняцца па-сапраўднаму, у цэрквах”.

Міжнародны кансультант нарвежскай ЛГБТ-асацыяцыі LLH Марна Эйдэ называе прыкладную лічбу ў 2500 аднаполых саюзаў пры насельніцтве краіны ў 5 мільёнаў чалавек. Яна кажа, што стаўленне да гэтай з’явы ў грамадстве змяняецца паступова.

Марна Эйдэ: “Як вы ведаеце, у Нарвегіі мы маем “пагадненне аб партнёрстве” яшчэ з 1993 года. І калі ў 1993 годзе ў Нарвегіі прынялі “пагадненне аб партнёрстве”, большасць насельніцтва не падтрымлівала такія саюзы. Калі ж у 2009 годзе “пагадненне” змянілася на паўнавартасны закон, грамадства ўспрыняла гэта пазітыўна”.


Лічым далей. У Ісландыі, дзе жыве прыкладна столькі ж чалавек, як у Брэсце, за 2011 год зарэгістравалі 18 аднаполых шлюбаў. І яшчэ 5 разводаў. Яшчэ адна краіна, дзе дазволеныя аднаполыя саюзы — Іспанія. З 2006 года тут налічылі 20,5 тысяч аднаполых вяселляў.

А вось у суседняй з Іспаніяй Францыі ідэя аднаполых бракаў сустрэла рэзкі супраціў. На мінулых выходных на парыжскія вуліцы выйшла 45 тысяч пратэстуючых. Справа ў тым, што прэзідэнт Франсуа Аланд абяцаў увесці аднаполыя шлюбы яшчэ падчас выбарчай кампаніі. Папярэдні закон ужо адобраны абедзвюма палатамі французскага парламента, а на 23 красавіка назначана заключнае чытанне.

На дадзены момант аднаполыя бракі дазволеныя ў Нідэрландах, Бельгіі, Іспаніі, Канадзе, ПАР, Нарвегіі, Швецыі, Партугаліі, Ісландыі, Аргентыне, Даніі, Уругваі, Новай Зеландыі.

Фота: fototelegraf.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі