“У крэдыце без паручальнікаў стаўка вырасце да 100%!"
З 22 студзеня банкі не змогуць браць камісію на крэдытах, але кампенсуюць гэта на кліентах.
“За разгляд дакументаў — 30 тысяч, за афармленне дамовы паручальніцтва — 50 тысяч, і за афармленне закладу — 65 тысяч рублёў. Гэта камісіі разавыя…”, — кажуць мне ў "Белаграпрамбанку" сёння. Але ад заўтра адмяняюцца ўсе гэтыя камісіі і застанецца толькі поўная працэнтная стаўка.
“Наш банк мае права памяняць з вамі стаўку. Мы заключаем з вамі дадатковае пагадненне — з 5% на 8%, напрыклад. Калі вы не пагаджаецеся, будзеце абавязаныя выплаціць увесь крэдыт адразу”.
Кансультанты “Альфа-банка” і “Беларускага народнага банка” пакуль не кажуць, як зменяцца працэнтныя стаўкі па іх крэдытах, але прафесійным аптымістычным голасам аб’яўляюць Еўрарадыё пра непазбежнае павышэнне працэнтных ставак.
“З улікам таго, што адмяняюцца ўсе схаваныя плацяжы, зменяцца і працэнтныя стаўкі — яны вырастуць!”.
У “Белрасбанку” дзяўчына прапануе ўзяць хуткі крэдыт пад 24% гадавых і нават кажа пра 3,5% камісіі ў месяц. За 10 мільёнаў рублёў, пазычаных у банка, давядзецца аддаваць у паўтара раза больш — 15 мільёнаў за кошт аднаразовых камісій, страхоўкі і іншых выплат.
“Напрыклад, у крэдыце без паручальнікаў, без даведак аб прыбытках стаўка вырасце амаль да 100%”.
Камісіі адменяць, але сумы выплат па крэдытах застануцца такімі ж. Атрымліваецца, камісія проста пяройдзе ў працэнт па крэдыце. Цікава, што ў банку ўжо ёсць крэдыты без камісій. Сума пераплаты па іх удвая ніжэйшая.
“Прыёрбанк” прымяніў новыя працэнтныя стаўкі за дзень да афіцыйнага ўступання.
“У нас ад 21 студзеня дзейнічаюць новыя працэнтныя стаўкі. Намінальная працэнтная стаўка зраўнялася з поўнай працэнтнай стаўкай”.
На пытанне, за кошт чаго стаўка зменіцца, у банках прызнаюць, што для звычайнага кліента сума выплаты амаль не зменіцца — памяняецца схема выплаты крэдытаў. Адным словам, гэта будуць тыя ж працэнты па камісіях, але ўключаныя ў працэнтныя стаўкі.
Эканаміст Леанід Злотнікаў называе адмену камісій спробай банкаў гуляць шчыра.
“Раней было так: прыйшоў у краму чалавек, там рэч, якая яму падабаецца, ён афармляе крэдыт, яму кажуць — 30-40%, і людзі бяруць, не вельмі разабраўшыся ў рэальных сумах, і яму цяжка выплачваць. Атрымліваецца вялікая колькасць дрэнных крэдытаў. А тут, калі будзе поўная інфармацыя, натуральна, людзі будуць менш браць крэдытаў. Наколькі, пакуль не скажу, але гэта будзе больш шчырая гульня банкаў з кліентамі”.
Дарэчы, большасць мінчукоў падчас апытання "Які крэдыт вы б узялі: пад 24% плюс камісія ці пад 100% без дадатковых выплат?" выказалася за ...100% крэдыт.
"Пад 100% і без камісій";
"Без камісій;
"А што такое камісія?";
"Але як выплаціць гэтыя 100%!";
"Крэдыты — гэта такі "развод"! Нас так разводзяць падчас гэтых крэдытаў, і ніколі не кажуць сапраўднай сітуацыі".