Прадстаўнікам Міжнароднай назіральнай місіі прадпісана пакінуць Беларусь

У мінскую кватэру, дзе знаходзіліся прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай місіі, расіяне Любоў Захарава, Кацярына Карастылёва і Ірына Пайкачава, 6 траўня каля 20:00 пракраліся людзі ў цывільным, якія назваліся супрацоўнікамі аддзела па грамадзянстве і міграцыі Савецкага РУУС г.Мінска. Адзін з візіцёраў прадставіўся Сяргеем Валер'евічам - інспектарам Савецкага РУУС.

Перад гэтым у кватэры быў адключаны Інтэрнэт, а пазней і электраэнергія. Невядомыя візіцёры адмовіліся прад'яўляць які-небудзь ордар на пранікненне ў кватэру. Па некаторых дадзеных, яны спрабавалі ўзламаць замок уваходных дзвярэй.

Як стала вядома, супрацоўнікі ў цывільным пракраліся ў кватэру. У выніку расійскія праваабаронцы каля 21:00 былі вывезены ў Савецкае РУУС г.Мінска. Разам з імі быў дастаўлены ў РУУС супрацоўнік Цэнтра прававой трансфармацыі, грамадзянін Беларусі Міхась Мацкевіч.

Пра здарэнне былі аператыўна паінфармаваны супрацоўнікі расійскага пасольства.

Міхася Мацкевіча адпусцілі з аддзялення каля 22:30 без якіх-небудзь санкцый. А расійскія праваабаронцы былі адпушчаны каля поўначы з прадпісаннямі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на працягу 24-х гадзін у сувязі з іх занясеннем у спіс асоб, уезд на тэрыторыю Рэспублікі якіх забаронены ці непажаданы, - аналагічнымі тым, якія да гэтага ў розны час атрымалі іх калегі па Місіі Андрэй Юров, Іван Кандраценка, Вікторыя Громава і Аляксандр Мнацаканян.


Расійскія праваабаронцы прыбылі ў Мінск для ажыццяўлення назірання за ходам судовых працэсаў па падзеях 19 снежня і распаўсюду інфармацыі пра іх, паведамляе прэс-служба Місіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі