У Латвіі спрабуюць зрабіць рускую мову другой дзяржаўнай
Рэферэндум аб статусе мовы нацыянальнай меншасці пройдзе 18 лютага.
З 1 па 30 лістапада ў Латвіі праводзіўся збор подпісаў грамадзян за тое, каб зладзіць такі плебісцыт. Прыхільнікам рускай мовы ўдалося сабраць і пацвердзіць сапраўднасць 174 845 подпісаў, а гэта 12% выбарцаў краіны, таму яны маюць права ініцыяваць рэферэндум.
Паводле Канстытуцыі, у Латвіі адна дзяржаўная мова — латышская. Нацыянальная меншасць спрабавала прасунуць папраўкі ў Асноўны закон, каб руская мова таксама была дзяржаўнай. Але ў парламенце праект адхілілі, спаслаўшыся якраз на тое, што неўзабаве па гэтым пытанні адбудзецца рэферэндум.
Папраўкі прымуць толькі ў тым выпадку, калі за іх выкажуцца больш за палову грамадзян Латвіі. А паколькі руская нацыянальная меншасць, якая мае права голаса, складае толькі прыкладна 30% выбаршчыкаў, то хутчэй за ўсё можна прадказаць, што папраўкі не пройдуць, нават калі на выбарчыя ўчасткі не прыйдзе ніводнага латыша.