У Магілёве даішнікі не далі правесці акцыю “Стоп-бензін 2”
29 красавіка у Магілёве каля 15 аўтамабіляў прынялі ўдзел у агульнабеларускай акцыі супраць павышэння коштаў на паліва.
Аўтамабілісты сталі ў чаргу на адной з АЗС горада. Яны залівалі ў бакі па два літры бензіну і разлічваліся за яго дробнымі купюрамі. Гэтую аперацыю ўдзельнікі акцыі рабілі некалькі разоў, стварыўшы чаргу з аўтааматараў.
Пасля гэтага калона паспрабавала выехаць у цэнтр горада, каб праехацца на невялікай хуткасці з уключанымі аварыйнымі агнямі. Аднак праз некалькі скрыжаванняў калону рассеялі супрацоўнікі ДАІ. Удзельніца акцыі Аксана Закрэўская кажа, што пасты з супрацоўнікамі дарожнай аўтаінспекцыі стаялі кожныя 150 метраў. Інспектары прыпынялі па 1-2 машыны на кожным скрыжаванні і цягам пяці хвілін правяралі дакументы. Таксама на вока вызначалі, ці цвярозыя кіроўцы.
Дарэчы, яшчэ перад пачаткам акцыі на запраўцы ўжо знаходзілася машына з супрацоўнікамі ДАІ. Побач было не менш за трое супрацоўнікаў КДБ у цывільным. А за запраўкай былі прыпаркаваныя два легкавікі з АМАПаўцамі.