У Магілёве высветлілі, што сход БНР праходзіў у іншым будынку (фота)
Таму сёлета Дзень Волі адзначылі ў новым месцы.
Аказалася, што прадстаўнічы сход, які прагаласаваў за прызнанне жыхарамі Магілёва ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, праходзіў не ў тым доме, як лічылася раней.
Напярэдадні 25 сакавіка магілёўскія гісторыкі наведалі віленскія архівы, адкуль дазналіся, што ўрад БНР ў 1918 годзе быў падтрыманы ў будынку цяперашняй школы №1, а не ў будынку сучаснага Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея.
Каля двух дзясяткаў чалавек пад пільным наглядам міліцыі сабраліся ў панядзелак у новым месцы. Яны ўсклалі да будынку бела-чырвона-белыя кветкі. Актывіст Зміцер Салаўёў распавёў пра новыя адкрыцці гісторыкаў і ролю гэтай даты ў гісторыі краіны.
Пасля акцыі актывісты рушылі на імпрэзу ў будынак былога грамадскага аб'яднання "Кола сяброў".