У Мінску няма лекаў для цяжарных і дзяцей
Беларусы за лекамі едуць у Расію. А Мінздароўя скардзіцца, што не можа прымусіць прайсці рэгістрацыю замежных вытворцаў.
“У мяне двое дзетак. Старэйшаму мы замаўлялі ў Расіі “Лімфоміазот” – гэта гамеапатычны прэпарат, каб змяншаліся лімфавузлы. Раней яно прадавалася ў Беларусі, яшчэ паўгода таму", — кажа маці 6-гадовага Артура і 10-месячнага Радыёна Люда Крукоўская.
Не ўсе прэпараты можна набыць у беларускіх аптэках. Часам, за лекамі едуць у Маскву ды Кіеў.
Свайму малодшаму сыну Людміла таксама прывезла неабходныя лекі з Расіі. Бо ў Беларусі няма.
“Малодшаму я ў Расіі замаўляла “Лактаза Бэбі” — гэта фермент, які даецца, калі ў дзіцяці ў арганізме недастаткова лактабактэрый, якія расчапляюць малако”, — расказвае Людміла Еўрарадыё.
Лекі даводзіцца шукаць нават у сацыяльных сетках. Да вядучай Тамары Лісіцкай звярнуліся па дапамогу, бо 10-месячнай дзяўчынцы патрэбныя былі лекі, якіх у Мінску не было. Яна, у сваю чаргу, напісала пра гэта ў Фэйсбук… і прэпарат знайшлі.
Тамара Лісіцкая: “Гэта былі лекі, якія дапамагаюць засвойванню ежы. У дзіцяці была праблема, звязаная з гэтым. Гэта патрабавалася не вельмі тэрмінова. Дзіцяці, дзяўчынцы, было 10 месяцаў. Адразу ж знайшліся людзі, якія едуць у Расію і знайшлі гэты прэпарат”.
Нават дактары наракаюць на адсутнасць некаторых лекаў у аптэках. Няма, напрыклад, прэпарату для цяжарных!
“Ёсць прэпарат такі “Дапегіт”. Ён прымяняецца пры артэрыяльнай гіпертэнзіі і адзіны, які дазволены пры першых трох месяцах цяжарнасці. Іншы прэпарат цяжарным нельга, а “Дапегіта” няма. Яго даводзіцца набываць у Расіі”, — кажа кардыёлаг Алена.
У 14 аптэцы раз на два тыдні пытаюць прэпараты, якіх няма ў Беларусі. І падказаць беларускія аналагі аптэкары не могуць.
Супрацоўнік аптэкі: “Раз на два тыдні прыходзяць. Гэта ж не зарэгістраваныя лекі. Каб ведаць аналаг, трэба ведаць склад прэпарата. А паколькі яго ніколі і не было, то мы не ведаем, чым яго можна замяніць”.
У аптэцы “Доктар До” на Нямізе часта пытаюць лекі ад прастуды, якіх няма ў наяўнасці.
“Часцей за ўсё прастуднага кшталту. “ІРС-19” — даўно ўжо няма, а ўсё яшчэ пытаюць. Вітаміны некаторыя зніклі, бо перарэгістрацыя”.
Адсутнасць некаторых лекаў у Міністэрстве аховы здароўя называюць... нармальнай справай. І прыводзяць прыклад: у Расіі зарэгістравана каля 20 тысяч найменняў лекаў, а ў Беларусі — толькі 6 тысяч.
“Могуць быць такія сітуацыі. Бо тое, што можна прадаваць у аптэках, мусіць быць зарэгістравана ў Міністэрстве. Прымусіць прайсці рэгістрацыю замежнага вытворцу ніхто не можа. Тым больш, рэгістрацыя дзейнічае 5 год. Але нехта пабыў на рынку пяць год і ён не хоча ўжо рэгістравацца. І прэпарат знікае”, — гавораць у Міністэрстве аховы здароўя.
Вось так усё проста!
Тым часам у Еўрасаюзе і Расіі ўжо тры гады дзейнічае закон аб бестэрміновай рэгістрацыі лекаў. У Беларусі такога закону няма.
Фота: http://медлаб.рф