У Мінску прадаюць паветра па 15 тысяч за бляшанку
Дадалося інтэрв'ю з прадаўцом паветра: Толькі ў дзяржаўных крамах не хочуць гаварыць пра наш тавар
Такі сувенір можна зараз пабачыць у сталічных крамах. Кампанія, што спецыялізуецца на кандыцыянерах, цяпер прадае і сувеніры. Каб прыдаць вартасць прапанове і зацікавіць пакупнікоў, вытворцы збіраюць у невялікія бляшанкі паветранае асарці. На траціну яна запоўненая паветрам са Старога горада, па 15% аб'ёму бляшанкі займае паветра з Кастрычніцкай плошчы і Мінск-Арэны, па дзесяць — парка Горкага, Нацыянальнай бібліятэкі, плошчы Перамогі і Мінскага мора. Тэрмін прыдатнасці прадукта завяршаецца ў 2067 годзе. Акурат тады беларуская сталіца святкуе тысячагоддзе.
Падобныя сувеніры можна пабачыць у краінах Заходняй Еўропы, а таксама ў Расіі і ва Украіне. Там можна лёгка набыць "Паветра Берліна" альбо "Паветра Крыма". Заўважым, што бляшанка "Паветра Мінска" каштуе даражэй, чым такая ж па аб'ёме кансерва з добрай тушанінай.
Вытворцы не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Хутка ў продаж паступіць "Паветра Белавежскай Пушчы", "Паветра Лагойска", а ў перспектыве нават "Паветра Беларусі".
***
Прадавец паветра: Толькі ў дзяржаўных крамах не хочуць гаварыць пра наш тавар
Еўрарадыё паразмаўляла з Паўлам Турчаком, кіраўніком фірмы, якая гандлюе паветрам.
Еўрарадыё: Як даўно з’явілася такая ідэя прадаваць мінскае паветра?
110824 PavelS.mp3
Павал Турчак: Ідэя з’явілася каля двух гадоў таму, а рэалізавалі яе праз год — вельмі шмат часу сышло на падрыхтоўку.
Еўрарадыё: Значыць, паветра было сабрана ў бляшанку год таму?
Павал Турчак: “Ужо ў лістападзе 2010 года... На дзіцячым "Еўрабачанні" дараваліся бляшанкі, як сувеніры...”.
Еўрарадыё: Наколькі паспяхова прадаецца мінскае паветра?
Павал Турчак: “Ёсць складанасці з дзяржаўнымі крамамі, яны не разумеюць проста гумару самога, што гэта паветра. Нават размову складана весці”.
Еўрарадыё: Дарэчы, на бляшанцы напісана, што тэрмін прыдатнасці — да... 2067 года. Гэтая лічба проста прыдуманая?
Павал Турчак: “Тэрмін прыгоднасці да 2067 года, бо якраз тады Мінску будзе 1000 гадоў”.
Еўрарадыё: Дзе адбываецца працэс закаткі бляшанак, гэта нейкая дзіўная тэхналогія?
Павал Турчак: “Збіраецца паветра з розных месцаў Мінска і закатваецца на адным з беларускіх заводаў. Ён не ў Мінску знаходзіцца, там проста прасцей гэта зрабіць. Тэхналогія не мая, яе адкрываць я не магу, яе даўненька прыдумалі ў Еўропе, у Расіі яе выкарыстоўвалі”.
Фота з твітэра @chudentsov