У Мінску пройдзе серыя канцэртаў "Koktebel Jazz Festival"

На "Koktebel Jazz Festival" Ніна Карлсан упершыню выступіла ў 2012 годзе. Яе новая праграма "To The Sun" працятая духам кабарэ XXI стагоддзя, а музыка нібыта створаная для інтымнага вечара пры свечках, інтрыгуюць арганізатары.

“Так, цяпер мы выконваем новую праграму, якая складаецца не толькі з англамоўных кампазіцый, але і з новых рускіх песень. Яна падзяляецца на тры часткі, кожная з якіх мае свой характар, — распавядае Еўрарадыё Ніна Карлсан. — Таксама ў мяне новы склад музыкаў, што, несумнеўна, паўплывала на гучанне і дадало новых фарбаў”.

Да каманды спявачкі далучыліся Антон Новікаў (барабаны) і Павел Воўк (бас-гітара), вядомыя па піцерскім рок-гурце “Полюса”. У калектыў вярнуўся клавішнік Канстанцін Данілаў. Ніна ж выказала спадзеў, што аднойчы яна сыграе ў Мінску і з беларускімі музыкамі. Пакуль жа ёй папросту цікава кантактаваць з новай публікай.

“Можа быць, я сыграю нешта новае. А, можа быць, гэта будзе мая праграма, якую я палюбіла ўсёй душой. — распавядае Ніна. — Для мяне гэта такая радасць! І чым больш я выконваю ўсю гэту музыку, тым больш мне хочацца як мага хутчэй запісаць альбом”.

Ніна Карлсан ужо вырашыла, як будзе выглядаць альбом, а таксама вызначалася з колькасцю трэкаў — іх будзе 12.

Яе мінскі канцэрт — першы з серыі прэ-паці фэсту "Koktebel Jazz" — адбудзецца 21 сакавіка ў клубе "Мулен руж".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі