У Пінску прайшоў Х кубак СНД па цяжкай атлетыцы сярод ветэранаў
На спаборніцтвы ў сталіцу Палесся прыехала больш за 60 асілкаў з Беларусі, Украіны і Расіі.
Нягледзячы на свой узрост ветэраны-цяжкаатлеты без праблем падыход за падыходам падымалі шматкілаграмовыя штангі. Асабліва ўразіў гледачоў самы старэйшы ўдзельнік спаборніцтваў — 82-гадовы Васіль Зубаў, які прыехаў з Расіі.
Расійскі спартовец — сапраўдны ветэран Другой сусветнай вайны, ён ваяваў у войсках спецпрызначэння, а штангай займаецца ўжо 70 год. Спадар Зубаў перамог у сваёй узроставай і вагавай катэгорыі і ў Пінску.
Варта адзначыць, што ўдзельнікі сёлетняга Кубку СНД з’яўляюцца шматразовымі чэмпіёнамі і рэкардсменамі чэмпіянатаў Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод ветэранаў.