У Польшчы абвешчаны тыдзень жалобы і 2 хвіліны маўчання

У Польшчы абвешчаны тыдзень жалобы і 2 хвіліны маўчання

Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск выразіў глыбокія спачуванні на прэс-канферэнцыі, якая адбылася пасля надзвычайнага паседжання польскага ўраду. Рада Міністраў вырашыла абвясціць тыднёвую жалобу па загінуўшых у катастрофе пад Смаленскам.

Дональд Туск:
“Такой драмы сучасны свет яшчэ не бачыў. У краіне нацыянальная жалоба. Урад на спецыяльным паседжанні Савета Міністраў абвясціў 2 мінуты цішыні заўтра а 12 гадзіне, падобным чынам мы таксама адзначым дзень пахавальнай цырымоніі. Траур працягнецца тыдзень”.

Сам Дональд Туск пасля прэс-канферэнцыі накіраваўся ў Смаленск. Аднак вярнуцца плануе яшчэ сёння, каб падзяліцца апошнімі звесткамі з месца здарэння з урадам на чарговым надзвычайным пасяджэнні.

Польша правядзе ўласнае раследванне катастрофы пад Смаленскам

Польшча збіраецца правесці ўласнае расследаванне прычын катастрофы ТУ-154, у якім знаходзіўся Лех Качыньскі. Па словах польскага міністра юстыцыі Кшыштафа Квяткоўскага, польскае Міністэрства замежных спраў папросіць расійскі бок дазволіць доступ да месца здарэння польскім пракурорам. Генеральны польскі вайсковы пракурор палкоўнік Кшыштаф Парульскі разам групай іншых вайсковых пракурораў ужо выляцеў у Смаленск.

Супрацоўнічаць з польскімі службамі падчас расследвання паабяцаў і Дзмітры Мядзведзеў. Такія намеры расійскі прэзідэнт выказаў у тэлефоннай размове з польскім прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам.

У аэрапорце "Паўночны" няма сістэмы навігацыі ў тумане

Да снежня 2009 года аэрапорт “Паўночны” выкарыстоўваўся толькі як вайсковы, піша польскі партал “Gazeta.pl”. Перадусім ім карысталіся для рэмонту транспартных самалётаў.

Гэты аэрапорт не меў аўтаматычнай сістэмы навігацыі, якая магла б ва умовах густога туману адвесці польскі самалёт ад катастрофы, паведаміў галоўны рэдактар часопіса “Скшыдлата Польска” Гжэгаж Собчак.

Гжэгаж Собчак: “Абсталяванне прэзідэнцкага ТУ-154 была цалкам добрае, калі разгледжваць магчымасць пасадкі ў дрэнных атмасферных умовах. Аднак сістэмы самалёта гэта толькі палова поспеху. Каб ён прызямліўся ў дрэнных атмасферных умовах, трэба, каб аэрапорт таксама быў абсталяваны ў адпаведную сістэму аўтаматычнай навігацыі”.

Пілоту самалёта Качыньскага раілі не садзіцца ў “Паўночным”

За паўгадзіны перад пасадкай самалёта Леха Качыньскага ў аэрапорце “Паўночны” павінен быў прызямліцца вайсковы самалёт Іл-76 з Масквы, паведамляе польская “Газета Выборча”. Іл-76 двойчы спрабаваў сесці, аднак за 15 хвілінаў перад катастрофай польскага самалёта павярнуў на маскоўскі аэрапорт Унукава.

Кантрольныя службы аэрапорта “Паўночны” забаранілі яму пасадку з-за дрэнных атмасферных умоваў.

Кантралёр палётаў з “Паўночнага” раіў змяніць месца пасадкі і самалёту Леха Качыньскага. Аднак пілот адмовіўся вяртацца ў Мінск.

Фота з месца катастрофы:








Смаленскае МНС: Самалёт разваліўся на мноства кавалкаў, разлілося паліва

На месцы катастрофы польскага самалёта працуюць эксперты, асноўная версія якая разглядаецца — гэта памылка пілота, выкліканая кепскімі ўмовамі надвор'я. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік прэс-службы Андрэй Меркушаў:

"Пакуль гэта асноўная версія, то што бачнасць была менш за сто метраў, туман быў вельмі моцны. Пры ўдары аб зямлю самалёт разваліўся на мноства кавалкаў, без разліву паліва не абышлося.

Былі узгаранні але вялікага пажару не было. Цяпер на месцы працуюць органы юстыцыі, вядзецца следства".


Зараз на месцы катастрофы разгортваецца прэс-цэнтр, які будзе даваць усю інфармацыю.

Прычынай катастрофы магла стаць памылка пілота або паломка

Прычынай катастрофы магла стаць аварыя або памылка пілота. Такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю польскаму інфармацыйнаму агенцтву PAP дасведчаны пілот пасажырскіх самалётаў Дарыюш Сабчыньскі:

Дарыюш Сабчыньскі: “Са словаў сведкаў вынікае, што рухавікі пачалі моцна працаваць, а гэта значыць, што пілоты вырашылі зрабіць другую спробу прызямлення. Гэта нармальная працэдура ва ўмовах, калі падчас першай спробы пілоты не заўважылі элементаў, якія зрабілі б пасадку магчымай. Пілоты былі вельмі добрыя”.

Тым не менш, Дарыюш Сабчыньскі адзначыў, што прэзідэнцкі самалёт садзіўся ў густым тумане, а гэта вымагае вялікай увагі і канцэнтрацыі. Верагоднай прычынай катастрофы магла стаць памылка экіпажа падчас манеўру, паведамляе расійскае агенцтва "РИА-Новости" са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах Цэнтральнай Федэральнай Акругі Расіі.

А вось ва Урадавым цэнтры бяспекі ў Варшаве ні адну з версій пакуль не падцвярджаюць. Па словах супрацоўнікаў Цэнтра, пакуль нават няма дакладнага спісу пасажыраў самалёта ў якім ляцеў Лех Качыньскі.

Супрацоўніца Ўрадавага цэнтра бяспекі:
“У гэтыя моманты нашыя службы спраўджваюць спіс пасажыраў, каб мы маглі дакладна пацвердзіць, хто знаходзіўся на барту. Пра дакладную колькасць загінуўшых пакуль казаць не можам. Таму што ў апошнія моманты перад стартам самалёта нехта сеў, а нехта адмовіўся.”

Ніякіх канкрэтных звестак пакуль няма і ў прэс-службе польскага прэм’ера Дональда Туска, які зараз ляціць з Гданьска ў Варшаву на надзвычайнае паседжанне Савета Міністраў.

Супрацоўніца прэс-службы Дональда Туска:
“Удзень Дональд Туск склікаў спецыяльнае паседжанне Рады Міністраў. У такіх выпадках гэта заўсёды робіцца. Толькі пасля яго мы зможам даваць нейкую канкрэтную інфармацыю”.

Самалёт Качынскага не рабіў запыт на пасадку ў Мінску

Дыспетчары Смаленскага аэрапорта прапаноўвалі самалёту польскага прэзідэнта прызямліцца ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Вядома, што польскія пілоты, якія кіравалі прэзідэнцкім Ту-154, вырашылі працягнуць палёт, нягледзячы на дрэннае надвор'е.

Польскія пілоты наўрад ці ўсур'ёз разглядалі варыянт аварыйнай пасадкі ў Беларусі. Пра гэта сведчыць тое, што падчас палёта Ту-154 дыспетчары "Мінск-2" не атрымлівалі ніякіх запытаў ад экіпажа. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск".

"У Смаленск ім прапаноўваў прызямліцца ў Мінску. Але ў нас яны ніякіх запытаў не рабілі".


Спіс тых, хто загінуў у авіякатастрофе:

Газета "Wiadomosci" ў рэжыме анлайн друкуе спіс тых, хто загінуў падчас авіякатастрофы прэзідэнцкага самалёта.

Першае відэа з месца катастрофы:



Польскае МЗС: у катастрофе загінула 88 чалавек


На самалёце Ту-154, якім з Варшавы ў Смаленск ляцеў прэзідэнт Польшы Лех Качыньскі, павінна было знаходзіцца 89 чалавек. Але адзін чалавек на пасадку не з'явіўся. Таму дакладная колькасць ахвяраў катастрофы — 88 чалавек.

Гэтыя звесткі падчас прэс-канферэнцыі, якая праходзіць у гэтыя хвіліны, распаўсюдзіла польскае Міністэрства замежных спраў.


Самалёту Качыньскага прапаноўвалі прызямліцца ў Мінску


Праз дрэннае надвор'е дыспетчары прапаноўвалі камандзіру экіпажа самалёта, якім ляцеў Лех Качыньскі, прызямліцца ў аэрапорце Мінска, у 200 кіламетрах ад Смаленска. Але першы пілот прыняў рашэнне прызямляцца ў Смаленскай вобласці.

Па папярэдняй інфармацыі, у тумане самалёт зачапіўся за вяршкі дрэў і зваліўся ў лесе, не даляцеўшы да аэрапорта каля 2 кіламетраў.

"Газета.Ru" паведамляе, што пасля таго, як самалёт упаў, на яго борце ўспыхнуў пажар. Па сведчаннях відавочцаў, пры падзенні ад самалёта адваліўся хвост.

Самалёт Качыньскага зачапіўся за дрэвы?


Згодна з папярэдняй версіяй, самалёт, у якім польская дэлегацыя ляцела на ўгодкі Катынскай трагедыі, у час захода на пасадку зачапіўся за дрэва. Пасля ён упаў і загарэўся.

Сярод загінулых — прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі разам са сваёй жонкай Марыяй, намеснікі кіраўніка сейму Кшыштаф Путра, апошні прэзідэнт у замежжы Рышард Качароўскі і шэраг іншых высокапастаўленых польскіх палітыкаў. Газета "Wiadomosci" ў рэжыме анлайн друкуе спіс тых, хто загінуў падчас авіякатастрофы прэзідэнцкага самалёта.

Нагадаем, катастрофа ў Смаленску адбылася а 10:56 па маскоўскім часе. Чорныя скрынкі пакуль не знойдзеныя.

Пры крушэнні Ту-154 загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі


Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі загінуў у катастрофе самалёта Ту-154, які ляцеў з Варшавы ў Смаленск. Па словах губернатара Смаленскай вобласці Сяргея Антуфьева, у катастрофе самалёта не ацалеў ніхто.

Па розных звестках, на борце лайнера знаходзіліся ад 87 да 132 чалавек — афіцыйная польская дэлегацыя, якая накіроўвалася ў Катынь для ўдзелу ў мемарыяльных мерапрыемствах.

Акрамя прэзідэнта Польшчы, у самалёце ляцела жонка Качыньскага, апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, прэзідэнт Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы Януш Куртыка, епіскап дывізіі Войска Польскага генерал Тадэвуш Плоскі, праваслаўны епіскам польскага войска і брыгадны генерал Мірон Чадакоўскі і кіраўнік Нацыянальнага банка Польшчы Славамір Скшыпек, паведамляе сайт Lenta.ru.

Катастрофа адбылася ў 10:56 па маскоўскім часе.Чорныя скрынкі пакуль не знойдзеныя.

Згодна з польскай Канстытуцыяй, зараз Польшчай кіруе спікер сейму Браніслаў Камароўскі.

Фота: ТСН.ua.
Відэа: RussiaToday.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі