У Польшчы затрымалі беларуса за напады на нямецкія банкі
Грамадзяніна Беларусі Аляксея Д. затрымалі ў Гожуве Велькапольскім на мінулым тыдні.
Як паведамляе БелаПАН, нашага суайчынніка падазраюць ва ўдзеле ў чатырох разбойных нападах на банкі ў Нямеччыне. Ордар на арышт беларуса выдаў яшчэ ў траўні 2011 года суд у Эсэне. Пры ператрусе ў яго кватэры знайшлі зброю і фальшывыя дакументы.
Затрыманы прызнаў сябе вінаватым. У адпаведнасці з рашэннем суда ён пакінуты пад вартай на 40 дзён. Цяпер беларуса павінны выдаць праваахоўнікам Нямеччыны.
Польская паліцыя кажа, што на працягу трох гадоў злачынная група зрабіла каля 70 нападаў на банкі ў розных гарадах Нямеччыны.