У Празе агучылі ініцыятыву "Усходняе партнёрства Вышаградскай групы"
У чэшскай сталіцы ў панядзелак прайшла сустрэча міністраў замежных справаў краінаў Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства.
Мэтай гэтай ініцыятывы з'яўляецца падтрымка палітычных і эканамічных рэформаў у шасці постсавецкіх краінах, якія належаць да праграмы ЕС вядомай як Усходняе партнёрства. У рамках гэтай ініцыятывы Міжнародны вышаградскі фонд, які выдзяляе гранты на падтрымку эканамічнай трансфармацыі ў Польшчы, Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне стане выдзяляць грошы і на праекты, гранты і стыпендыі з мэтай прыскорыць палітычнае і эканамічнае збліжэньне краінаў Усходняга партнёрства (Азэрбайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны) з Еўрасаюзам, паведамляе Радыё Свабода.
У пражскай сустрэчы таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі краінаў Балтыі і Даніі, а таксама высокая прадстаўніца ЕС ў пытаннях замежнай палітыкі Кэтрын Эштан і еўракамісар ў пытаннях пашырэння Штэфан Фюле. Была прынятая заява, у якой выказваецца заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі ды пагаршэннем адносінаў паміж Бруселем і Мінскам. Міністры краін Вышаградскай групы адзначылі, што дыялог з уладамі Беларусі можа аднавіцца толькі пры ўмове змены іх палітыкі і вызвалення ды рэабілітацыі ўсіх палітвязняў.
Нагадаем, міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў у Прагу запрошаны не быў.