Масавая бойка футбольных фанатаў у Слоніме (фота, відэа)
Мясцовыя заўзятары і госці з Гродна сышліся сценка на сценку. У баталіі ўдзельнічалі з абодвух бакоў каля 60 чалавек.
Інцыдэнт адбыўся 22 красавіка, піша “Газета Слонімская”. Бойка доўжылася каля 10 хвілінаў, а калі яна скончылася, то на зямлі застаўся ляжаць скрываўлены юнак, якога потым падабрала “хуткая”.
Адна са сведкаў здарэння, жанчына гадоў 60 распавядае, што чакала на прыпынку “Плошча Леніна” маршрутны аўтобус, калі туды прыйшла група актыўных маладых людзей. Яны нешта крычалі і прагналі ўсіх, хто стаяў на прыпынку. Жанчыну выпхнулі са словамі: “Ідзі, бабуля, зараз тут будзе горача”.
Іншы сведка, мужчына, распавядае, што з боку цэнтра горада да прыпынку падышоў агрэсіўна настроены натоўп. У некаторых хлопцаў на тварах былі маскі. Затым пачалася бойка. Тых, хто падаў, літаральна мясілі нагамі. Калі з’явілася міліцыя, забіякі разбегліся ў розныя бакі.
У той дзень у Слоніме адбыўся матч паміж камандамі мясцовага “Камунальніка” і гродзенскага “Белкарда”. Перамаглі слонімцы з лікам 2:1. Пасля матчу міліцыянты ўзялі групу фанатаў пад канвой і на выхадзе са стадыёна кожнага з іх звяралі з выявамі ўдзельнікаў бойкі на маніторы кампутара. Многія сведкі той баталіі на плошчы Леніна здымалі здарэнне на тэлефоны і адзін з такіх аператараў перадаў свій ролік міліцыі. У выніку для высвятлення абставінаў былі затрыманыя некалькі дзясяткаў маладых людзей.