“Будаўніцтва індустрыяльнага парку закране 3-4 тысячы сем’яў”

Каля 400 уладальнікаў лецішчаў кааператыву МУС "Рэчанька" накіравалі пісьмовы зварот у Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы. Яны не згодныя з адчуджэннем зямельных участкаў дзеля запланаванай будоўлі кітайска-беларускага тэхнапарку. Абураныя намерам уладаў адабраць зямельныя ўчасткі, уладальнікі лецішчаў стварылі ініцыятыўную групу, якая склікала ў мінулыя выходныя першы масавы сход.

Мясцовыя жыхары адзначаюць, што кітайскі праект парушыць экалагічную раўнавагу ў рэспубліканскім біялагічным заказніку "Валмянскі", які лічыцца важным элементам экалагічнай сеткі нацыянальнага ўзроўню.

Еўрарадыё: Колькі ў вашым кааператыве зямельных участкаў?


Анатоль: У нас больш за дзвесьце. Але такіх кааператываў навокал вельмі шмат. Гэта датычыцца пяцідзесяці-сямідзесяці кааператываў. Я думаю, гэта закране тры-чатыры тысячы сем’яў.

Еўрарадыё: А людзям, што жывуць у вёсках, улады прапануюць што-небудзь узамен, напрыклад, кватэры ў Мінску ці Смалявічах?


Анатоль: Паводле выступлення намесніка старшыні смалявіцкага выканкама, гэтыя землі адбіраць не будуць. Але справа ў тым, што шмат якія з гэтых дачных участкаў трапляюць у прамысловую зону. А калі  там будуецца прадпрыемства, то зямля ў кожным разе павінна быць забраная. Самі гэтыя ўчасткі знаходзяцца вельмі блізка ад Мінску – 25-30 кіламетраў ад станцыі метро. Шмат хто на лета з Менску проста прыязжае жыць на гэтыя ўчасткі, асабліва пенсіянеры.

Еўрарадыё: Зварот падпісалі 400 уладальнікаў лецішчаў вашага кааператыву. А іншыя маўчаць?


Анатоль: Гэта падпісалі не толькі з нашага кааператыву. Але справа ў тым, што шмат хто пра гэта ўвогуле не ведае. Звычайны сярэдні уладальнік участка – гэта пенсіянер, або чалавек блізкі да пенсійнага ўзросту, маладых вельмі мала. Ёсць людзі, што ўвогуле не ўмеюць карыстацца інтэрнэтам.

Еўрарадыё: Куды яшчэ вы плануеце звярнуцца? Ці маеце вы права звяртацца ў суд?


Анатоль: Нельга казаць пра зварот у суд, спачатку трэба дачакацца адказу. Было прынятае рашэнне сабрацца 11 сакавіка, ня ведаю, колькі збярэцца людзей, але тады мы прачытаем адказ. А далей ужо будзем глядзець. Я лічу, што зону, якую збіраюцца аддаць на будаўніцтва, увогуле нікуды аддаваць нельга. Там шмат лясоў, там знаходзіцца біялагічны заказнік, вельмі чыстая вада, грыбныя месцы. Улетку людзі ездзяць туды адпачываць, гэта ўлюбёнае месца адпачынку мінчукоў.

Фота — ex-press.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі