У Столінскім раёне знойдзены скандынаўскі якар (фота)
Этнаграфічны музей вёскі Тэрэблічы апроч прадметаў побыту палешукоў папоўніўся новым экспанатам.
Як піша газета "Вячэрні Брэст", якар-кошку знайшлі дзеці ў Альшанскім возеры. Хлопцы ўжо везлі здаваць артэфакт у металалом, але іх своечасова ўбачыў і спыніў мясцовы жыхар. Пасля яго ўмяшання гістарычная знаходка вагой у 130 кілаграмаў апынулася ў музеі.
Спецыялісты пасля візуальнага агляду прыйшлі да высновы, што новаму экспанату не менш за 300 гадоў і выкаваны ён з суцэльнага кавалка металу.
Да прыходу на Палессе меліяратараў Альшанскае возера мела наўпростую сувязь з Прыпяццю. Па вузкім канале хадзілі лодкі, а вось вялікія суда ў возера зайсці не маглі, запэўнівае мясцовае насельніцтва. Хто, калі і навошта даставіў сюды якар застаецца загадкай.