У Віцебску створаны моладзевы сацыяльны тэатр
Асаблівасць яго ў тым, што гледачы самі могуць удзельнічаць у дзеі.
Таксама яны імправізуюць, прапануюць свае сродкі вырашэння праблемы, на якую звяртае ўвагу сацыяльны тэатр.
Вось што распавёў каардынатар праекту Сяргей Янгібаеў:
“У чым значнасць сацыяльнага тэатру? У тым, што гледачы могуць адчуць усё на ўласнай скуры, і далей у жыцці, калі з імі здарыцца падобная сітуацыя, змогуць лягчэй з яе выйсці, будуць ведаць, што рабіць”.
“Спектакль” па кожнай з праблемаў доўжыцца не больш за дзесяць хвілін. За гэты час акторы павінны не проста абазначыць праблему, але і "зачапіць" гледача, каб яму захацелася самому знайсці выйсце з сітуацыі, у якой апынуліся галоўныя героі.
Вядома ж, акторы сацыяльнага тэатру — не прафесіяналы, а звычайныя хлопцы і дзяўчаты, пераважна студэнты. Зараз яны рыхтуюць першую пастаноўку, якая будзе прысвечана праблемам дыскрымінацыі інвалідаў. Паказаць яе плануюць студэнтам, будучыя прафесіі якіх звязаны якраз з працай сярод інвалідаў.