Участковы цікавіўся, ці з'яўляецца Барозу службовай асобай Беларусі

Віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава сёння апытаў міліцыянт па факце выказванняў Лукашэнкі на адрас кіраўніка Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу. Нагадаем, 26 красавіка сёлета ў Нароўлі Лукашэнка назваў Барозу "казлом".

Праваабаронца звярнуўся да начальніка Нараўлянскага РАУС і папрасіў пачаць адміністрацыйны працэс у адносінах кіраўніка Беларусі. Левінаў пры гэтым спасылаецца на пастанову віцебскага суда, які ў жніўні 2010 года кваліфікаваў слова "казёл" як знявагу, якая прыніжае гонар і годнасць асобы, выказанае ў непрыстойнай форме.

Пасля сённяшняга апытання Еўрарадыё паразмаўляла з Паўлам Левінавым.

Еўрарадыё: Як прайшло апытанне ў міліцыі і пра што пыталі?

Левінаў: “Не доўга яно было. З Нараўлянскага РАУСа, на тэрыторыі якога грамадзянін Лукашэнка абаваў кіраўніка Еўракамісіі Барозу "казлом", прыйшоў запыт апытаць мяне. Задалі мне толькі два пытанні: адкуль мне стала вядома пра гэта і ці з’яўляецца Барозу службовай асобай Беларусі. Тлумачэнне сёння браў мой участковы інспектар маёр Аляксандар Лісічонак.


Я патлумачыў, што мне аб гэтым стала вядома ад супрацоўнікаў міліцыі цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, дзе я адбываў адміністрацыйны арышт. Ад іх я ўпершыню пачуў, што Лукашэнка нядобра адгукаўся пра кіраўніцтва Украіны і аб кіраўніку Еўракамісіі. Адказваючы на другое пытанне, я патлумачыў участковаму інспектару, што Адміністрацыйны  кодэкс не падзяляе службовых асобаў на “сваіх” і “чужых”. Ёсць артыкул "абраза службовай асобы”.

Еўрарадыё: Цяпер міліцыя павінна даць нейкі афіцыйны адказ?

Левінаў: “Канешне. Акрамя таго я да заявы, спецыяльна для участковага інспектара, зняў копію з “Белтэлерадыёкампаніі”, запіс гэты, дзе Лукашэнка кажа гэтыя словы. Зараз я чакаю адказу. І або будзе пачаты адміністрацыйны працэс, або мне будзе адмоўлена. Але афіцыйны адказ будзе і ў залежнасці ад яго, я буду планаваць свае далейшыя дзеянні”.

Еўрарадыё: А калі павінна быць прынятае нейкае рашэнне?

Левінаў: “Да 26 чэрвеня суд ужо павінен разгледзець. Трэба скласці пратакол, накіраваць у суд. У суд павінен быць выкліканы грамадзянін Лукашэнка і з усімі выцякаючымі наступствамі, суд павінен прыняць пастанаўленне. Але як будзе, мне невядома”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі