Удзельнікаў акцыі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" аштрафавалі

Аліна з Маладэчна ў жывым эфіры Еўрарадыё распавяла, як учора міліцыянты схапілі яе мужа. Разгубленая жанчына, з якой было 3-месячнае дзіця, цікавілася ў "сілавікоў", калі адпраўляецца аўтазак з яе мужам...

 Аліна: “Мы у чарговы раз, як і кожны дзень, ходзім гуляць з малой дачкой. Жывем мы непадалёк ад плошчы, таму нам фактычна няма куды ісці — увесь горад перакапаны ў сувязі з “Дажынкамі”. Мы гуляем там, дзе плітка больш-менш укладзеная.

Учора ў чарговы раз мы пайшлі гуляць у бок плошчы. Мы падышлі да плошчы, спыніліся паглядзець, колькі людзей гуляе на вуліцы, як абстаноўка. Стаім, назіраем як міліцыя праводзіць так званы “перапіс насельніцтва”. І аднаму супрацоўніку перадаюць па рацыі: “Праверце мужчыну ў белай шапцы”. Я адразу не зразумела, што за мужчына ў белай шапцы. Аказалася, што гэта мой муж, у светлай кепцы стаяў. Падыходзіць да нас супрацоўнік [міліцыі] і кажа майму мужу, каб ён прад’явіў дакументы. Муж паказаў пашпарт. Супрацоўнік сказаў: “Што вам прыдзецца праехаць з намі для ўстанаўлення асобы”. Муж запытаў, ці пашпарт не пацвяржае асобу ці што? Яму сказалі, што яго трэба праверыць па базе. Мой муж пагадзіўся.

Пасля сканчэння гулянняў паехаў аўтазак, запоўнілі яго цалкам. У машыне было чалавек 15-20... Я пасля падыйшла да аўтазака запытаць, праз колькі ён адыходзіць, праз колькі я магу чакаць мужа дома. Мне міліцыя сказала, што не ведае праз колькі яны паедуць, “мы стаім тут, бо павінны стаяць”. Усё”... Прывезлі ў міліцыю. Далі паказанні людзі. Усё было апісана, што мы проста гулялі з дачкой. Праз гадзіну недзе муж быў дома”.

Еўрарадыё: Як з вашым мужам абыходзіліся?

Аліна: “Абыходзіліся нармальна. Пабояў няма”.

***

У судзе Савецкага раёна вынесены мінімальны штраф дваім удзельнікам акцыі. Грамадскія абаронцы давялі суддзі, што калі абвінавачаныя прызнаюць сваю віну, яны мусяць атрымліваць мінімальнае пакаранне. Двое маладых людзей фармальна прызналі тое, што было ў пратаколе — пра "лаянку" ў грамадскім месцы — і суддзя вынесла ім мінімальны штраф — па 17500 рублёў. Пра гэта Еўрарадыё распвяла праваабаронца Наста Лойка.

***

Братам Андрэю і Аляксею Дварэцкім у судзе Ленінскага раёна на дваіх далі 1 мільён 850 тысяч штрафу.

У судзе Савецкага раёна асудзілі Паўла Пракаповіча. Ён мусіць заплаціць штраф — 1 мільён 50 тысяч.

Шульга Уладзімір, Юрый Халезін, Кудзелка Павел, Канстанцін Сакалоўскі і Аляксандр Руцкі — па 700 тысяч штрафу, Сяргей Майшук і Леанід Холад — па 70 тысяч.

***

Сведчанне Андрэя з Пінска, затрыманага за акцыю "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі":

***

У Ленінскім судзе аштрафаваны на 1 млн 50 тысяч Максім Чарняўскі.

Еўрарадыё: Як цябе затрымалі і што табе інкрымінавалі сёння?

Чарняўскі: “Мы са знаёмымі хлапцамі стаялі па адрасе Камсамольская, 25. Мы проста стаялі, нас было каля 10 чалавек. І ў пэўны момант я азіраюся і бачу, што на нас бяжыць недзе каля 80 супрацоўнікаў АМОНа — і я адразу ж пабег, са мной пабеглі таксама два хлапца. Я прабег недзе 100 метраў. Супрацоўнікі вельмі запыхаліся, але ўсе ж мяне злавілі. Ударылі ў скронь, балелі крыху вачы. Пасля нас запіхнулі ў аўтобус і завезлі ў Ленінскі РАУС. Там склалі пратаколы, знялі адбіткі. Адтуль нас накіраваліз Акрэсціна. Нас везлі 6 асобаў у задняй частцы "бобіка", нас там трымалі вельмі доўга і стала вельмі душна. Мы там амаль не задыхнуліся.

На Акрэсціна нас пасадзілі ў вялікую камеру, 8 чалавек. Драўляныя ложкі, было дастаткова халодна і непрыемна спаць.

Літаральна 5 хвілін таму мне вынеслі прысуд — 30 базавых. У мяне было трое сведкаў, якія давалі паказанні, але гэтыя паказанні не былі прынятыя. Супрацоўнік АМОНа сцвяржаў, што я мацюкаўся. Сцвярджаў таксама, што я не рэагаваў на заўвагі, што яны ў двух падыходзілі, казалі не ругацца, але я махаў рукамі і працягваў ругацца. Таксама ён казаў, што я не збягаў і што мяне затрымлівалі два чалавека. Калі я сказаў суду, што ёсць фотаздымкі, на якіх відаць, што я збягаю, што мяне затрымлівае тры асобы, то суддзя сказала, што сама разбярэцца ў гэтым. І гэтыя фатаздымкі глядзець адмовілася. І ў тым, што я абараняўся, яны ўбачылі, што гэта спецыяльна абраная лінія абарона і за гэта мне далі макісмальны штраф 30 базавых — гэта мільён пяцьдзесят”.

Еўрарадыё: Як ты збіраешся аплочваць гэты штраф?

Чарняўскі: “Я спадзяюся, што неяк збяру. Нехта дапаможа. Да мяне тут вельмі шмат сяброў прыехала, я ім вельмі ўдзячны. Думаю, збярэм штраф”.

Еўрарадыё: Ты журналіст, ці пры табе было пасведчанне?

Чарняўскі: “У мяне быў толькі студэнцкі, я яго паказаў. У мяне таксама была фотакамера, я патлумачыў, што вяду фотаздымкі...”.

Еўрарадыё: Ці будзеш абскаржваць прысуд, ці ты плануеш ісці на наступную акцыю?

Чарняўскі: “Канешне, я абавязкова выйду на наступную акцыю і буду абскаржваць гэты прысуд. Антон Матолькя, які засняў здымкі, як за мной гналіся некалькі супрацоўнікаў і паклалі, ён згадзіўся удзельнічаць у гэтай справе. Будзем змагацца. Актыўнай грамадзянскай пазіцыі я ад гэтага не змяніў ”.

***

Асуджаныя ў Партызанскім судзе: Сяргей Канаплянік — 700 000 штрафу, Дзмітрый Козар, Дзмітрый Белуш — 700 000, Максім Рагавы — 875 000 рублёў. У Ленінскім судзе асуджаны на 875 тысяч рублёў штрафу Андрэй Ткачоў.

***

Паводле звестак праваабаронцаў, ва ўчорашняй акцыі ўдзельнічалі каля 10 тысяч чалавек, каля 500 было затрымана. Колькасць гарадоў, дзе адбыліся акцыі — больш за 40. Як паведаміла ў жывым эфіры Еўрарадыё, праваабаронца Наста Лойка, у параўнанні з мінулай акцыяй, па колькасці ўдзельнікаў учора на плошчы выйшлі ў тры разы больш людзей.

***

Шакуючае сведчанне аднаго з асуджаных. Вось што распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё Станіслаў Арсоба:

Арсоба: “Мяне адпусцілі пасля 3 гадзінаў. Ніякага пратаколу не складалі. Затрымалі мяне на Нямізе. Я ўвогуле стаяў каля царквы, калі пад’ехаў аўтобус з АМОНам і пачалі лавіць людзей, я стаў далёка і пачаў гэта здымаць. Пасля я падняўся наверх, там, дзе затрымлівалі аднаго хлапца, пачаў гэта здымаць. Да мяне падышоў супрацоўнік [міліцыі] з камерай, зняў мяне, паклікаў іншага і сказаў: “Яго таксама”. Мяне зацягнулі ў аўтобус, адфарматавалі флэш-карту ў тэлефоне і павезлі.


Прывезлі у РАУС, усіх пастроілі. Неяк выпадкова выбралі 8 чалавек, нас пачалі адводзіць і я пачуў, як супрацоўнік казаў: “Ну а ім мелкае”. Тым, хто застаўся. Я так разумею, што дробнае хуліганства мелася на ўвазе. Якім чынам яны выбіралі, каму даваць штраф, а каму не, мне было незразумела. Нас завялі ў кабінет. Мы проста сядзелі. Яны паўгадзіны хадзілі, пэўна думалі, што рабіць. Пасля прышоў нейкі лейтэнант, правёў апытанне. Адкаталі пальчыкі, сфатаграфавалі і адпусцілі. І сказалі, што калі наступны раз трапяцца, то будзе 15 сутак”.

Еўрарадыё: Падчас затрымання вас не білі, не пагражалі?


Арсоба: “Мяне не. Толькі руку заламалі і кінулі ў аўтобус”.


Еўрарадыё: Можа кагосьці іншага збівалі каля вас?


Арсоба: “Гэта было так. У аўтобусе быў адзін хлапец, яго ўжо пасля мяне завялі. У яго рак і ў яго валасы выпалі і спецназаўцы пачалі казаць: “Ну хто там скінхэд?”. Пачалі да яго падыходзіць, ён спалоханы дастаў пасведчанне аб тым, што ён інвалід другой групы. Калі б у яго не было гэтага пасведчання, то я не ведаю, што б з ім зрабілі...”.

Еўрарадыё: Калі ён паказаў пасведчанне, што яму сказалі спецслужбы?


Арсоба: “Перапалохаліся. Усадзілі яго нават, бо ён стаяў. Гэта ненармальна, але магло быць горш. Бо там збівалі. Калі мяне ўжо завялі ў аўтобус, дзверы адкрывалі і іншых заводзілі і кожнага, хто заходзіў — яго па галаве білі рукой ў скураных гэтых пальчатках”.


Еўрарадыё: Ці былі ў вашым аўтазаку затрыманыя дзяўчыны?


Арсоба: “Тры дзяўчыны было. Адна дзяўчына была тая, якая была на Нямізе, можа бачылі, там хлапец на барабане граў і яна там была. У руцэ ў яе клок валасоў быў... Відавочна, што не сама выдрала”.


Еўрарадыё: Ці ўдзельнічалі вы раней у акцыях?


Арсоба: “Так, я быў і 15-га. Напэўна наступны раз таксама пайду”.

***

Як паведаміла Еўрарадыё праваабаронца Наста Лойка, агулам судзяць у судах сталіцы 21 чалавек: па 4 чалавекі — у Ленінскім і Партызанскім судах, 8 чалавек — у судзе Савецкага раёна, 5 чалавек асуджаныя судом Цэнтральнага раёна (іх абвінавацілі ў лаянцы). Распавядае Наста Лойка:

***

У Цэнтральным судзе сталіцы асудзілі 5 удзельнікаў акцыі. Сярод іх — Уладзімір Аніскевіч. Вядомае толькі прозвішча яшчэ аднаго з асуджаных — Кулбін. Яму, як і іншым,  далі па 700 тысяч рублёў штрафу.

Вось што распавёў адразу ж пасля заканчэння суда ў жывым эфіры Еўрарадыё Уладзімір Аніскевіч:

Еўрарадыё: Распавядзі як адбыўся суд, што табе інкрымінавалі?

Аніскевіч: “Усё гэта адбывалася вельмі хутка — проста ўзялі, закінулі і прывезлі. Спачатку нас сабралі 40 чалавек у РАУС, пасля з гэтага хапуна нас засталося 5 асобаў, нас завезлі кудысьці на ноч (Акрэсціна — Еўрарадыё). І пасля адбыўся суд — па 20 велічыняў кожнаму, хто быў на гэтым мерапрыемстве. Гэта недзе 700 тысячаў”.

Еўрарадыё: Як збіраецеся выплочваць, можа ўжо распачалася ініцыятыва і вам збіраюць грамадзяне грошы на штраф?

Аніскевіч: “Шчыра, не ведаю, як гэта выплочваць. Ці будуць дапамагаць збіраць грошы на штраф, пакуль не ведаю. Пакуль не да гэтага. Спазніўся на працу... Зараз пытанні і з працай і з усіх бакоў навалілася. Літаральна 20 хвілін назад мяне толькі вызвалілі”.

Еўрарадыё: Вы ноч пэўна на Акрэсціна правялі? Як там умовы?

Аніскевіч: “Якія ўмовы? Ніякіх”.

Еўрарадыё: Ці ў судзе спрабавалі абараніцца?

Аніскевіч: “На судзе выступаў чалавек, як сведка, міліцыянер, якога я ўвогуле нават у вочы не бачыў. Я быў у нармальным стане, проста прагульваўся, як нармальны чалавек. Абвінавачванне было такое, што мы "мацюкаліся, крычалі, махалі рукамі". Я спрабаваў гэта абвергнуць. Я пытаўся, чаму не паклікалі маіх сведкаў (мяне, дарэчы, забралі разам з братам). Нас выслухалі, праз пару хвілінаў завялі і проста сказалі прысуд — вось і ўсе. Яны нават на гэта не глядзелі, сказалі, што вінаваты — і ўсе”.

Еўрарадыё: Ці надалей будзеш прымаць удзел у такіх мерапрыемствамх?

Аніскевіч: “Будзем глядзець, канешне. На дадзены момант проста няма словаў, як усё атрымалася. Самі разумееце, які стан...”.

***

Па інфармацыі на 12 гадзінаў да Дома правасуддзя прывезлі Сяргея Канапляніка, Дзмітрыя Козара, Дзмітрыя Белуша, Максіма Рагавога, Андрэя і Аляксея Дварэцкіх, Максіма Чарняўскага, Андрэя Ткачова. Іх вінавацяць у тым, што лаяліся матам і не рэагавалі на папярэджанні міліцыі. Суд пакуль не пачаўся. Хлопцы сядзяць перад канцылярыяй пад канвоем. Ім дазваляюць размаўляць з сябрамі ды сваякамі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Яўген Шыбінскі, які знаходзіцца каля канцэлярыі суда.

Па дарозе ў Дом правасуддзя аднаго з затрыманых, Усевалада Яцкова, перасадзілі з аўтобуса ў белыя жыгулі і звезлі ў невядомым кірунку, паведамляе праваабаронца Алеся Якубоўская. Вядома толькі, што яго затрымлівалі 19 снежня мінулага года. Суды над удзельнікамі “маўклівых гулянняў” пачнуцца пасля абедзеннага перапынку. Суддзя Надзея Навіцкая будзе судзіць Максіма Чарняўскага ў асобным кабінэце. Астатніх будуць судзіць у іншай залі.

Фота: bymedia.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі