Украінскі спікер хоча бачыць Беларусь у Еўранэсце
Беларусь неабходна далучыць да работы ў Парламенцкай асамблеі Еўранэст. Такое меркаванне выказаў спікер украінскага парламенту Уладзімір Літвін.
Такую заяву Літвін зрабіў 1 красавіка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дэлегацый у Парламенцкай асамблеі Еўранэст. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прэс-службе Вярхоўнай Рады Украіны.
"Палітыка прыцягнення значна больш эфектыўная за палітыку ізаляцыі", — сказаў Літвін. Спікер украінскага парламента ў чарговы раз запрапанаваў пасярэдніцтва Украіны ў вырашэнні ўдзелу Беларусі ў ПА Еўранэст. На думку ўкраінскага палітыка, неабходна правесці чарговы раўнд перамоваў па гэтай тэматыцы з кіраўнікамі парламентаў краін-удзельніц Усходняга партнёрства.
Старшыня ўкраінскага парламенту таксама лічыў неабходным замацаваць ва ўстаноўчых дакументах Еўранэста еўрапейскія перспектывы для краін-удзельніц Усходняга партнёрства. На ягоную думку, перспектывы ўваходу ў Еўрасаюз былі б магутным стымулам для актыўнай работы ПА Еўранэст.
Нагадаем, што ўстаноўчае паседжанне Еўранэсту павінна адбыцца 3 траўня ў Бруселі (Бельгія).