Украінскі чыноўнік запэўнівае, што дэфіцыту да "канца свету" не будзе
Мэр Данецка адрэагаваў на ажыятаж, які ўзнік з-за чутак пра "канец свету", які, нібыта, можа адбыцца 21 снежня.
Аляксандр Лук'яненка запэўнівае гараджан, што запалак, солі і свечак хопіць на ўсіх. На яго погляд, чуткі пра "канец свету" падаграваюць тыя, хто зацікаўлены ў хуткім продажу сваіх тавараў. Мэр нагадаў, што некаторыя крамы выкарыстоўваюць тэму Апакаліпсіса ў сваёй рэкламе, а многія пакупнікі атрымліваюць СМС-паведамленні пра зніжкі да 21 снежня, інфармуе УНІАН.
Нядаўна ажыятажам быў ахоплены Луганск, дзе мясцовыя жыхары запасаліся запалкамі, свечкамі і прадуктамі харчавання. У Сумах людзі актыўна цікавяцца месцамі ў бомбасховішчах, а ў Тэрнопальскай вобласці "канец свету" прапануюць сустрэць у старажытнай пячоры.
Нагадаем, на мінулым тыдні з заявай выступіла NASA: 21 снежня канца свету не будзе. Спецыялісты з амерыканскага касмічнага агенцтва запэўніваюць, што навукоўцы не бачаць прыкметаў набліжэння Апакаліпсіса.
“Які канец свету? У Беларусі складзеныя планы на 2013-ы год!”
Фота — publicpost.ru