Улёткі з праграмай кандыдата-міліцыянера надрукаваныя з парушэннямі (фота)

Раніцай 19 верасня у нашу рэдакцыю пазванілі слухачы і паведамілі, што на доме па адрасе Карла Маркса 21 вісяць улёткі кандыдата Валерыя Дашкоўскага. Імі залепленыя ўсе пад’езды, а на саміх улётках няма ніякіх выходных дадзеных.

Накіроўваюся на месца і насамрэч бачу агітацыю за Дашкоўскага. Улёткі надрукаваныя на простай офіснай паперы без нейкіх звестак.

Сярод выходных дадзеных, якіх патрабуе закон, “найменне і адрас арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка), якая вырабiла друкаваныя матэрыялы, нумар ліцэнзіі на паліграфічную дзейнасць і дату яе выдачы, тыраж і нумар заказу… Распаўсюд ананімных агітацыйных друкаваных матэрыялаў забараняецца”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік падцвярджае, што знойдзеныя мной улёткі з праграмай Дашкоўскага -- гэта парушэнне.

“Уся друкаваная прадукцыя, якая выдаецца кандыдатам у дэпутаты, павінна мець выходныя дадзеныя. Гэта выразна прапісана ў выбарчым кодэксе”.

Пытаюся, што ж мне рабіць – парушэнне заканадаўства навідавоку. Спадар Лазавік раіць паведаміць аб здарэнні ў акруговую выбарчую камісію. Што і раблю. Тлумачыць свае намеры сакратару камісіі прыйшлося некалькі хвілін. Напачатку нават раяць паведаміць аб няправільных улётках… паставому міліцыянеру.

“Вам трэба было сказаць аб гэтым міліцыянеру нейкаму лепш. Што мне зараз, ехаць туды, ці што? Я не разумею”.

Цікавая перспектыва. Асабліва калі ўлічыць, што Валерый Дашкоўскі – кіраўнік Ленінскага аддзела Дэпартамента аховы МУС. Але ў выніку маё паведамленне ў камісіі фіксуюць і абяцаюць разабрацца.

Як даведалася Еўрарадыё, у ЦВК з такімі ўлёткамі сутыкаюцца не ўпершыню. Мікалай Лазавік расказвае, што плакаты без выходных дадзеных неабавязкова расклейваў сам кандыдат. Гэта маглі зрабіць яго сапернікі з мэтай дыскрэдытаваць. Такія вось брудныя выбарчыя тэхналогіі. Акрамя Дашкоўскага у Купалаўскай акрузе балатуюцца галоўурач 18-ай паліклінікі Вадзім Касцюкоў і дзейная дэпутатка Валянціна Леаненка.

“Уся друкаваная прадукцыя, якая выдаецца кандыдатам у дэпутаты, павінна мець выходныя дадзеныя. Гэта выразна прапісана ў выбарчым кодэксе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі