Ушчыльненне ў інтэрнатах БДУ: студэнтаў пасунуць на 200 месцаў
Мінус два інтэрнаты, а месцаў, як і летась. У пакоі, разлічаным на траіх, будуць жыць чацвёра.
“Нягледзячы на тое, для каго нумары — для замежнікаў ці для беларусаў. Аплата для нашых студэнтаў не зменіцца, бо яна прывязаная да базавай”, — тлумачыць Еўрарадыё дырэктар студгарадка БДУ Міхаіл Чарапеннікаў.
За койка-месца ў месяц у гэтым інтэрнаце студэнт плаціць ажно 120 тысяч рублёў. Інтэрнат адзін з самых дарагіх, бо кватэрнага тыпу. І няважна, у пакоі трое ці чацвёра.
Так цяпер выглядае пакой у інтэрнаце № 11. (Здымкамі падзяліліся студэнты).
Чацвёрты ложак пакуль падпірае сцяну.
Замежнікам за кошт ушчыльнення аплату нават скінуць.
“У замежнікаў аплата лічыцца, як за камунальныя паслугі ў кватэры. Але яна першапачаткова большая. А ў беларусаў аплата прывязаная да базавай”, — даводзіць Міхаіл Чарапеннікаў. Без уліку ацяплення замежнік плаціць за месца ў інтэрнаце каля 150 тысяч.
БДУ ушчыльняе інтэрнаты ўжо каторы год. Летась “больш месцаў” стала ў інтэрнаце нумар 1.
“Летась мы ўшчыльнілі іншыя інтэрнаты. У 1-м такіх пакояў, каб можна было паставіць дадатковыя ложкі, толькі 12 штук”, — кажа Міхаіл Чарапеннікаў.
“У нас быў пакой на чатыры чалавекі, а жылі пяць. Шукалі месца і ставілі ложак. Гэта сёлета было, калі адзін інтэрнат на рамонце быў, адзін зносілі”, — расказвае Еўрарадыё студэнт гістфаку Паша, ён жыве якраз у 1-м інтэрнаце.
Ля 11-га інтэрната, які ўшчыльняюць цяпер, сустракаю трох студэнтаў юрыдычнага факультэта. Дадатковы ложак у іх пакоі паставілі яшчэ месяц таму. Ці не цесна?
“Ды не, нармальна. Нас усё задавальняе, можна пацярпець. У асноўным тут жывуць юрысты і студэнты факультэта міжнародных адносін, але цяпер, калі паставілі дадатковы ложак, засяляюць і з іншых факультэтаў”, — расказвае студэнт юрфаку Дзмітры.
За год ва ўніверсітэта стала на два інтэрнаты менш: знеслі інтэрнат па праспекце Пераможцаў, а інтэрнат на вуліцы Карла Маркса аддалі музею. Але месцаў менш не стала: як і летась, 5600. Чацвёртая частка — для першакурснікаў.
Еўрарадыё спытала ў мінакоў, якія асацыяцыі ў іх выклікае жыццё ў інтэрнаце. Адказы ў апытанцы: