Vanilla Sky сыграюць на сольніку Саладухі ў Мінск-Арэне?
Нягледзячы ні на што, музыкі ўсё ж спелі разам "Чужую милую".
Італьянскія рокеры Vanilla Sky пазнаёміліся з Аляксандрам Саладухам. Гэта адбылося акурат 4 лістапада, у дзень, калі ў Мінску двойчы мусіла прагучаць “Здравствуй, чужая милая”. Еўрарадыё арганізавала сустрэчу музыкаў у філармоніі, дзе праходзіў генеральны прагон творчага вечара кампазітара Эдуарда Ханка.
“Пакажыце, гэта важна, аўтар не бачыў! ― просіць Аляксандр. І тлумачыць аўтару сучаснай версіі хіта “Здравствуй, чужая милая”.― Там фішка ў тым, што хлопцы на рускай мове сыгралі “жывага” і спелі “жывага” ― і такая мова класная!”.
Эдуард Сямёнавіч задаволена ківае ў такт і паказвае вялікі палец: маўляў, цікава! Ну, а авацыі і апладысменты італьянцы раздаюць усё ж Саладуху ― ён спявае са сцэны жыўцом свой галоўны хіт. Такое Vanilla Sky нават не снілася.
Музыкі Vanilla Sky загарэліся сустрэчай са знакамітым беларускім артыстам пасля таго, як зрабілі кавер на яго песню і пад’язджалі да Беларусі. Ідэю кавер-версіі падкінуў італьянцам іх мэнэджар, кажа музыка Даніэле Аўторэ:
“Па-першае, мы былі ў туры па Расіі разам з нашым тур-мэнэджэрам. Ён адсюль, з Мінску. Мы пацікавіліся меркаваннямі, музыкай ды іншымі штукамі з Беларусі. І ён расказаў нам пра гэтага артыста, пра якога мы раней нічога не ведалі, і даў нам паслухаць яго песню. І мы падумалі, а чаму б не забамбіць кавер на Саладуху? Будзе клёва, бо музычны стыль абсалютна іншы. І паспрабавалі зрабіць Саладуху ў року”.
Музыкі падпяваюць Аляксандру
У выніку аматары кавер-версій Vanilla Sky дадалі ў сваю скарбонку яшчэ адзін хіт. Прычым, дзівіцца ўзрадаваны сустрэчай музыка Вінчэнса Крысці, падчас выканання “Чужой милой” музыкі пачынаюць вар’яцець у добрым сэнсе.
“Яго паводзіны на сцэне проста чумавыя. Атрымліваецца нейкае замкнёнае кола ― калі мы граем яго песню ― мы таксама пачынаем вар’яцець… Сустрэча была цудоўная, бо мы абсалютна яе не чакалі. Ехалі проста, каб адыграць наша шоў, а ў апошнія 5 дзён усё закруцілася. Ееее, мы пабачымся з гэтым вядомым артыстам з Беларусі! Мы праўда ўзрадаваліся гэтай нечаканасці!”
Італьянцы не выключаюць, што яшчэ звернуцца да класікі беларускай эстрады. Аляксандр Саладуха ў сваю чаргу не супраць зрабіць кавер на песню Vanilla Sky. Кажа, трэба паслухаць рэпертуар гурта. Пакуль жа беларускага артыста шчыра радуе сустрэча з рокерамі і пашырэнне геаграфіі гучання “Чужой милой”.
Аляксандр Саладуха: “Шчыра скажу ― я вельмі рады. Вельмі ўсцешаны, калі песня выходзіць за межы тэрыторыі былога Савецкага саюза, тым больш Італія ― Сан-Рэма, спяваючая нацыя, якая гуляе ў футбол! Гэта вельмі здорава! Перапаўняюць пачуцці! Тым больш, юбілей гэтай песні ў гэтым годзе ― 20 гадоў! Лепшага падарунка да юбілею і прыдумаць нельга было! Гэта чарговы раз кажа пра тое, я паўтаруся, што мега-хіт гэтая песня!”
Зараз Аляксандр Саладуха рыхтуе новы альбом “Не заставляйте женщин долго ждать”, рэліз якога запланаваны на 2014 год. Да таго ж, інтрыгуе музыка, лічба 12.12.12 стане для яго і жонкі Наташы вельмі важнай у жыцці. Ды і з італьянцамі, мяркуе Саладуха, яны яшчэ ўбачацца ― наперадзе яго загалоўны канцэрт:
“І загалоўны канцэрт, я веру, абавязкова будзе 8 сакавіка 2014 года ў Мінск-Арэне. Можа быць туды можна было б хлопцаў запрасіць прыехаць? Спец-госць ― гэта таксама была б цікавая фішка, думка. Здорава было б, незвычайна!”
На развітанне Аляксандр дарыць гурту Vanilla Sky свой апошні альбом "Берега" і DVD “Дочки моей глаза” з трыма фільмамі пра сябе. І ўдакладняе, што 4 лістапада не два, а тры разы гучыць “Чужая милая” у Мінску ― яшчэ па тэлебачанні. Падчас яго сольніка ў віцебскім амфітэатры!