Вайцюшкевіч: Мне захацелася хлеба Стаса Міхайлава

Ідэю такога дыску музыку падказаў паэт Генадзь Бураўкін, ён жа і з’яўляецца аўтарам вершаў да пласцінкі. І хоць у альбоме і будуць ужывацца некаторыя "незвычайныя" словы, тыповага "турэмнага" жаргону на пласцінцы не знойдзецца.

"Мне захацелася хлеба Стаса Міхайлава! Я хацеў бы сядаць у таксоўку і каб там хоць час ад часу гучалі беларускія песні! – тлумачыць выбар тэматыкі альбома Вайцюшкевіч - Гэта раз. А па-другое, краіна знаходзіцца ў глабальнай “турэмнай” сістэме, калі так можна сказаць. Ды і жаргон у нас блатны! Я лічу, што гэта тэма вельмі блізкая для народа тэма і хацелася пра гэта пагаварыць".

Пакуль у альбоме 12 песень, але, магчыма, пласцінка дапоўніцца яшчэ некалькімі кампазіцыямі аўтарства Уладзіміра Някляева.

"Гэта песні людзей у цяжкіх жыццёвых абставінах, якія шкадуюць пра тое, што яны зрабілі, раскайваюцця, а ёсць тыя, якія не шкадуюць. Хтосьці кажа, што ў турме людзі лепшымі становяцца, але я не думаю, што гэта так. Вось і пра гэта, магчыма, будуць песні. Нават песня пра маму будзе! Бо іх так мала - беларускіх песень пра маму", - мяркуе музыка.

 Зараз Зміцер Вайцюшкевіч вядзе працу над запісам альбома. Назвы ў пласцінкі пакуль няма. Плануецца, што альбом убачыць свет будучай вясной. Пакуль жа Зміцер выконвае новыя песні на невялічкіх імпрэзах. Што тычыцца прэзентацыі будучага альбома, музыка падумвае працягнуць тэндэнцыю беларускіх канцэртаў у Вільні.

Фота: Яўген Ярчак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі