Вазняк прынясе ў суд тамы Леніна пра падрыхтоўку паўстання

Суддзя хацела выдаліць з залы Віталя Рымашэўскага за тое, што той з'еў падчас працэсу шакаладку. Рымашэўскі сказаў, што не супраць, і атрымаў толькі папярэджанне. А што робяць іншыя падсудныя падчас працэсу і ў перапынках даведалася Еўрарадыё.

Аляксандр Фядута чытае кнігі, а жонка дае яму з сабой бутэрброды, каб паабедаць у перапынку, а таксама сок, каб запіваць лекі.

"Яна паколькі ведае, што мне трэба запіваць лекі, дае мне з сабой бутэльку соку з чорнай парэчкі, бо я гэта люблю і мне гэта камфортна. Я нашу з сабой кнігі, а яны павінны быць прыемнымі. Там не павінна быць нічога пра Лукашэнку, пра сучаснае становішча Беларусі, пра выбары і правы чалавека. Гэта гістарычная біяграфія, гістарычная літаратура, добрыя выдатныя вершы".

Чытае на судзе Фядута вершы Хадасевіча, Някляева і Мандэльштама.

"Ёсць невялічкія перапынкі. Чаго я не ведаю пра Дзмітрыева? Пра яго я ведаю ўсё! Падчас працэсу, калі пра яго нешта будуць казаць, я магу адкрыць пагартаць кнігу. Гэта не будзе непавагай да суда, а спадар Дзмітрыеў таксама не палічыць гэта непавагай".

Аляксандр Фядута хоча, каб гэты працэс хутчэй скончыўся. Бо яму трэба займацца навуковымі працамі, а для гэтага трэба ездзіць, а зараз ездзіць нельга. Таксама чакае, каб працэс хутчэй прайшоў Андрэй Дзмітрыеў. Які мае свой талісман і планшэтнік.

"Я з сабой нашу свой надалоннік і пішу ў твітэр з працэсу онлайн. Такім чынам раблю грамадзянскую місію. У мяне ёсць чоткі, якія заўсёды са мной, яшчэ мой талісман гэта сябры, якія побач. Ежу не бяру, бо можна набыць тут. Вось піццё так, бо там цяжкая атмасфера у зале, яна не зручная для доўгатэрміновага знаходжання, таму смага заўсёды ёсць".

Сяргей Вазняк, на суд не носіць нічога. Не мае і ніякіх талісманаў, бо з’яўляецца камуністам і атэістам.

"Збіраюся прынесці 12 тамоў поўнага збору Ўладзіміра Ільіча Леніна і пачаць чытаць яго працы аб тым, як рыхтаваць паўстанне. Ленін па гэтым пытанні быў вялікі спецыяліст. Я вучыў калісьці, цяпер хачу асвяжыць у памяці. Ёсць шмат фрагментаў, якія мяне не тычацца і мне не цікавыя. Я планую забіваць гэты час чытаннем і нарадамі з Ўладзімірам Ільічом Леніным".

Рымашэўскі сёння таксама чытаў кнігу свяціцеля Грыгорыя Ніісскага, Палажанка чытае смскі, а пракурор тамы крымінальнай справы. Прычым, як піша ў твітэры Дзмітрыеў, Палажанка не глядзячы набірае смскі ў 5 разоў хутчэй, чым ён піша ў твітэр, і ў 20 разоў хутчэй, чым чытае пракурор.

Увогуле, за ўвесь час працэсу падсудныя пачалі абжывацца. "У першы дзень на стойцы перад намі нічога не было, а сёння у кожнага нешта ляжыць", - напісаў Дзмітрыеў у твітэры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі