Відавочцы затрымання журналіста: “Думалі, што “вяжуць” наркадылера”

Журналіста Паўла Свярдлова затрымалі раніцай 22 чэрвеня каля яго пад'езда. Нібыта за “беспрычынную нецэнзурную лаянку, нерэагаванне на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі”.

Фота са старонкі Паўла Свярдлова ў сацыяльных сетках

На наступны дзень выпраўляемся да таго самага месца — на вуліцу Рафіева, 80, і абыходзім пад’езд, дзе жыве журналіст. Тэарэтычна паскардзіцца ў міліцыю на ашаламляльную “беспрычынную” лаянку Свярдлова маглі суседзі.

"Што вы, я ўжо быў на працы", "Я з’ехала на дачу", "Я была ў камандзіроўцы", — адказваюць суседзі. І вохкаюць, калі даведваюцца пра затрыманне Паўла.

Ад суседзяў не чуем ніводнай крытычнай заўвагі на нашага калегу. Гэтага варта чакаць! Хлопец скончыў універсітэт з чырвоным дыпломам. Летась у Кіеве атрымаў “Крыштальную саву” найлепшага гульца “Што? Дзе? Калі?”. Ды і журналістам Павел лічыцца інтэлігентным і паважлівым.

Мясцовы ўчастковы таксама ўпершыню чуе пра затрыманне Свярдлова. Ніякіх скаргаў на яго ў апорны пункт ніколі не паступала.

Каля 10-й раніцы ў панядзелак зноўку выпраўляемся да дома №80 па вуліцы Рафіева. Прыкладна ў такі ж час Свярдлова затрымлівалі. Людзі ўжо разыйшліся па працах.

"Я прыбірала. І а палове на дзясятую сышла, трошкі раней за звычайнае", — распавядае прыбіральшчыца Таццяна Сідарэнка, якая займаецца акурат пад’ездам.

Еўрарадыё: А вы ведаеце гэтага хлопца?

Таццяна Сідарэнка: "Ён спускаецца, калі прыбіраю. На трэцім паверсе жыве".

Еўрарадыё: Можа, ён мацюкаецца? Вы заўважалі такое?

Таццяна Сідарэнка: "Не. Спускаецца такі, з сумкай, і ідзе сабе спакойна".

Здавалася б, аперацыя па затрыманні Паўла Свярдлова была праведзена маланкава, незаўважна. Ужо збіраючыся ад’язджаць, сустракаем у двары выпадковага відавочцу (імя называць не будзем у мэтах яго бяспекі).

Хлопец разам з сябрам сядзеў на лаве ў двары, калі затрымлівалі Свярдлова. І абодва падумалі, што “вяжуць”... наркадылера.

“Як толькі ён выйшаў з пад’езда, да яго падышлі двое ці трое, адзін паказаў пасведчанне. І хлопца гэтага павялі ў мікрааўтобус, — распавядае відавочца. — Да гэтага стаяў мой сябар у пад’ездзе. Бачыць — чалавек незнаёмы спускаецца. Дужы. Па твары адразу відаць, што міліцыянер. Сябар пайшоў па піва, вярнуўся. Мы сядзелі на лаве. Стаяў той бус. Тры чалавекі сядзелі ў бусе. А потым пачалі “вязаць”.

У той жа самы дзень такі самы сіні мікрааўтобус цікаваў пад вокнамі Еўрарадыё, “дужыя хлопцы” шукалі яшчэ аднаго нашага журналіста — Віталя Ругайна.

Еўрарадыё: Дык што, вы нават бачылі, як яго вязалі?

Відавочца: "Так, назіралі за гэтым. Відаць, ён гандляваў нечым нелегальным".

Сіні мікрааўтобус цікуе пад вокнамі Еўрарадыё

Нам удалося датэлефанавацца да іншага відавочцы  — таго самага, што натыкнуўся ў пад’ездзе на незнаёмца, падобнага да міліцыянера. Хлопец пацвердзіў расповед свайго прыяцеля. Выказаў думку, што Паўла чакалі мэтанакіравана, журналіст нават не паспеў раскрыць рот.

Праўда, затрымлівалі Паўла Свярдлова даволі інтэлігентна. Тварам па зямлі не цягалі.

Абсалютна такую ж інфармацыю журналіст змог аператыўна паведаміць нам пасля суда.

Як даведалася Еўрарадыё, гэта не былі супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі. На ўскраек горада “выпадкова” прыехалі байцы палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Двое з гэтых байцоў, Коржык і Воўчак, былі сведкамі ў судзе. Іншых сведак суду прад’яўлена не было. Хоць знайсці іх аказалася нескладана…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі