Баранавіцкія камунальнікі прыбралі вакол помніка ахвярам рэпрэсій

Пра гэта Еўрарадыё распавёў баранавіцкі актывіст Віктар Сырыца 

Сырыца: “Мы проста нагадалі пра маральны абавязак прыбіраць тэрыторыю ля памятных і гістарычных мясцінаў. Бо тут у 1992 годзе баранавіцкая грамадскасць, дэмакратычныя сілы ўсталявалі крыж памяці сталінскіх ахвяраў. Гэта ў скверы па вуліцы Смаленскай і Пірагова. Таму мы самі прыбіраем гэту тэрыторыю, двойчы на год арганізуем талаку – вясной і ўвосень. Летам кветкі падсаджваем, тэрыторыю прыбіраем. Але грунтоўна, скажам, пакласці асфальт, плітку пакласці – гэта нам вельмі цяжка ды і немагчыма, гэта ўжо абавязак жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Вось мы сабралі сто подпісаў і такім чынам прымусілі можна сказаць ЖКГ прыбраць тэрыторыю, кветкі пасадзіць, новую плітку пакласці. Яны акуратна абрэзалі дрэвы, якія там закрывалі крыж, траву скасілі. Так што мы вельмі ўдзячныя ім і шмат хто хоча сёння напісаць ліст, падзяку спадару Касабуцкаму, кіраўніку гарадской ЖКГ, за тое, што яны зрабілі”.

Еўрарадыё: Калі вы збіралі подпісы, верылі, што ўдасца матываваць мясцовых камунальнікаў зрабіць тое, што вы хочаце? 

Сырыца: “Шмат хто не верыў у гэта. Таму мы там напісалі шэсць пунктаў, якія пажадана выканаць. І думалі, калі хаця б адзін пункт выканаюць – гэта будзе па-сапраўднаму перамога. А тут фактычна ўсё, што мы напісалі, яны і выканалі. Таму, напэўна, вы маеце рацыю, калі кажаце пра перамогу. Хачу дадаць, што ў зборы подпісаў актыўны удзел прымалі сябры таварыства беларускай мовы і руху "За свабоду”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі