Віталь Рымашэўскі пра "навушніка": Такога сябра БХД я не ведаю
Экс-кандыдат у прэзідэнты, Віталь Рымашэўскі ў жывым эфіры Еўрарадыё пракаментаваў сцвярджэнне ва ўчорашнім фільме БТ.
Нагадаем, імя і прозвішча "навушніка" было агучана яшчэ 4 студзеня блогеркайzmagarka.
Паводле яе інфармацыі — гэта Хамічэнка Ўладзімір Мікалаевіч, 1986 года нараджэння, са Слуцку, мае судзімасці ў Беларусі і Расіі. Дакладна гэтая інфармацыя была агучаная і ў фільме "Плошча. Жалезам па шкле", але з дадаткам пра БХД.
Віталь Рымашэўскі кажа, што першы раз пабачыў гэтага чалавека на фота і відэа. "За спіной у мяне былі дзверы, пражэктары свяцілі ў твар... Я б не апазнаў ніводнага з тых, каго адводзіў ад дзвярэй, бо святло было ў твар... На фота відаць, што я гэтага чалавека адводжу ад дзвярэй".
Сябраў БХД сярод тых, хто біў дзверы, не было, кажа палітык. У адваротным выпадку ён быў бы моцна расчараваны, падкрэсліў Рымашэўскі.