Дар'я Каткоўская: Віталь Сіліцкі - вялікая страта Беларусі

Еўрарадыё пагутарыла з Дар'яй Каткоўскай, сяброўкай Віталя Сіліцкага. Развітанне з ім прайшло 13 чэрвеня ў Мінску.


Каткоўская: "Беларусь панесла вялікую страту. Як казаў на паніхідзе Валер Булгакаў, мы зараз яшчэ няздольныя зразумець, наколькі гэта вялікая страта. Разуменне прыйдзе пасля. Бо Віталь быў звязаны з шматлікімі сферамі нашага жыцця і акрамя навукоўцы, даследчыка, аналітыка, шмат хто з нас згубіў добрага сябра".


Еўрарадыё: Хто сёння прыйшоў развітацца з Віталём Сіліцкім?


Каткоўская: "У Віталя было вельмі шмат сяброў. Гэта людзі ўсе розныя, якіх аб'ядноўвала сяброўства з Віталём. Было шмат палітолагаў, былі палітыкі. Прыходзіў Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў, Аляксандр Мілінкевіч, Алесь Лагвінец. Я бачыла: там былі кветкі і вянкі ад партыяў, ад арганізацыяў. Былі жонкі і сваякі палітвязняў. У Віталя з усімі былі вельмі добрыя адносіны. Людзей было вельмі шмат".


Еўрарадыё: Хто з сям'і Віталя прыйшоў на развітанне?


Каткоўская: "Былі сваякі. З блізкіх сваякоў у Віталя засталіся маці і бацька, і старэйшы брат з сям'ёй".

Еўрарадыё: У Віталя быў кот, якога ён вельмі любіў і ганарыўся ім. Хто зараз яго будзе даглядаць?


Каткоўская: "Гэта кот Рыжык. Ён зараз жыве ў маці Віталя і пэўна там і застанецца".


Еўрарадыё: Распавядзіце пра важны для вас момант у жыцці, звязаны з Віталём Сіліцкім.


Каткоўская: "Для мяне вельмі дарагі ўспамін таго, як прайшоў гэты Новы год. Бо 31-га з Акрэсціна выпускалі шэраг вязняў. І Віталь прыехаў павіншаваць мяне з Новым годам і прывёз падарунак туды пад сцены Акрэсціна. Грэў мяне ў машыне… Гэта адзін з самых дарагіх для мяне ўспамінаў. І тое, як мы пазнаёміліся з Віталём. Адна з ягоных кніжак напісаная разам з Янам Запруднікам «Historical dictionary of Belarus». Яна прысвечаная майму брату, Уладзю Каткоўскаму. Калі мой брат памёр, ён шукаў знаёмства са мной і такім чынам мы пазнаёміліся – ён падарыў мне гэтую кнігу".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі