Віцебскага журналіста Ўладзіслава Стараверава аштрафавалі на Br875 тыс
Судовы працэс, на якім віцебскі журналіст адмовіўся прысутнічаць, бо катэгарычна не прызнае сваю віну, скончыўся двума штрафамі.
На 3 базавыя велічыні Уладзіслаў Старавераў аштрафаваны за нецэнзурную лаянку і на 22 — за непадпарадкаванне міліцыі падчас затрымання 26 красавіка.
Журналіста затрымалі падчас жалобнай акцыі да ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі, бо супрацоўнікам міліцыі не спадабалася, што іх, як і ўдзельнікаў, таксама фотаграфуюць, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Суддзя Алеся Жарыкава не задаволіла хадайніцтва Ўладзіслава Стараверава, заяўленае ім яшчэ падчас першага судовага пасяджэння па гэтай справе, якое адбылося 27 красавіка. Журналіст прасіў, каб у судзе паказалі відэазапіс, зроблены міліцэйскім аператарам, бо на ім было бачна, ці былі факты правапарушэння з ягонага боку. Суддзя сказала, што праглядзець запіс немагчыма, і пастанову абгрунтавала на паказаннях сведкаў-міліцыянтаў і загадчыка ідэалагічнага аддзелу Кастрычніцкага райвыканкаму.
Паказанні віцебскіх актывістаў, таксама відавочцаў затрымання, прынятыя да ўвагі не былі.