Віцебскую актывістку Алену Семенчукову будуць судзіць 5 ліпеня
Актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі была затрыманая 29 чэрвеня.
Дзяўчыну разам з малодшым братам Сяргеем спынілі міліцыянты і запатрабавалі паказаць заплечнікі для праверкі. Паколькі ў іх былі выяўленыя 34 улёткі за байкот выбараў, міліцыянты іх затрымалі. Непаўнагадовага Сяргея міліцыянты праз тры гадзіны адпусцілі, а Алену пакінулі ў ІЧС, абвінаваціўшы ў несанкцыянаваным пікеце.
Пры гэтым дзяўчыне, якую затрымалі ў летняй вопратцы, забаранілі перадаць цёплыя рэчы. У выніку Алена правяла бессоную ноч у камеры, дзе яна была адна, бо, каб сагрэцца, ёй даводзілася ўвесь час хадзіць. Актывістка БХД захварэла, ёй баляць горла і вушы. У ізалятары дзяўчына мелася абвесціць галадоўку, але яе пераўпэўнілі. Разам з тым пакармілі яе толькі ўдзень, паведамляе прэс-служба БХД.
Алена Семенчукова — віцебская актывістка, якую неаднаразова затрымлівалі. Апошні раз гэта здарылася ў траўні 2012 года за пікет салідарнасці з Сяргеем Каваленкам.