Вольга Бандарэнка: Многія ўвогуле лічаць прысуд у 2 гады святам

Змітра Бандарэнку асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Давераную асобу экс-кандыдата Андрэя Саннікава Першамайскі суд Мінска пакараў за "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". Жонка Змітра Вольга Бандарэнка кажа, што была гатовая і да горшага.

Вольга: "Дзіма казаў, што гатовы да трох гадоў, сказалі – два. Гэта шчаслівей яго не зрабіла, але тым не менш. У параўнанні з іншымі прысудамі па чатыры гады многія ўвогуле лічаць гэта святам!"

Вольга прыйшла ў суд у тым самым касцюме, у якім вянчалася са Змітром 5 год таму. Кажа, што хацела тым самым паказаць мужу, што будзе з нецярпеннем яго чакаць.

Жонка асуджанага адзначае, што Зміцер казаў тое-сёе пра абыходжанне ў ізалятары, маўляў, "вобшукі, ды расцяжкі голымі на холадзе ніхто не адмяняў". Але таблеткі падчас эпідэміі грыпу давалі.

Хаця Зміцер знешне на судзе трымаўся добра, Вольга непакоіцца пра стан яго здароўя.

Вольга: "Здароўе лепей не стала, неўролага не запрашалі. Сама грыжа не знікне. І самае страшнае, што хвароба можа прагрэсаваць без належнага лячэння".

Праваабаронцы, якія сачылі за працэсам, кажуць пра працэсуальныя парушэнні. Людміла Гразнова абураецца незаконным праслухоўваннем тэлефонных перамоў Змітра Бандарэнкі, і іх выкарыстанне ў судзе ў якасці доказаў.

Людміла Гразнова: "Гэта абсалютна недапушчальна! Гэта парушэнне Канстытуцыі, усякіх заканадаўчых нормаў! Ён жа быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава".

Праваабаронца адзначае, што выкарыстоўвалі размовы пачынаючы аж з 18 верасня. Але тады не была заведзеная ніякая крымінальная справа, а значыць і спецыяльнай санкцыі на праслухоўванне быць не магло, заключае Людміла Гразнова.

У судзе Зміцер Бандарэнка прызнаў, што выйшаў разам з мітынгоўцамі на праезную частку праспекта Незалежнасці, з-за чаго быў перакрыты рух транспарту. Бандарэнка пагадзіўся з матэрыяльным пазовам "Мінсктранса" і ўжо кампенсаваў страты – 159 тысяч рублёў, якія выставіла арганізацыя апазіцыянера.

Але падзеі, якія адбыліся на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня, Зміцер Бандарэнка не лічыць грубым парушэннем грамадскага парадку.

У апошнім слове Бандарэнка звярнуўся да суддзі Таццяны Равінскай са слоганам выбарчага штаба Андрэя Саннікава: "Гісторыя робіцца сёння, гісторыю робім мы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі