Вячаслаў Сіўчык: “Беларусы, не фінансуйце рэжым!”
Рух салідарнасці “Разам” звярнуўся да ўсіх беларусаў - патэнцыйных крэдытораў - не дапамагаць “нелегітымнаму рэжыму”.
Пра гэта Еўрарадыё пагутарыла са старшынём Руху “Разам” Вячаславам Сіўчыкам.
Еўрарадыё: Што азначае “беларусы, не фінансуйце рэжым?"
Сіўчык: “У нас розныя абменныя курсы, таму мы заклікаем грамадзянаў, наколькі магчыма, не здаваць свае грошы праз абменнікі па фіксаваным курсе. У Беларусі ёсць шмат магчымасцяў рабіць інакш, нават сайт працуе, дзе гэта можна зрабіць. Бо такім чынам сённяшні рэжым проста забірае з кішэняў беларусаў грошы, працягваючы сваю агонію. Не забываемся, што ў беларусаў вельмі шмат ляжыць грошай на ўкладах у тых банках, якія залежаць толькі ад сваволі дыктатара, яны проста могуць згубіць гэтыя грошы. У нашых жа інтарэсах закупаць прадукты ў Польшчы, Літве, Украіне, там многія прадукты значна таннейшыя, чым у Беларусі. Аплочваць усе ў апошні дзень, гэта законна – і камунальныя паслугі, і не толькі. Індывідуальныя прадпрымальнікі павінны плаціць вялікія грошы – арэнды і падаткі, і яны таксама павінны аплочваць усе ў апошні дзень”.
Еўрарадыё: Беларусь у чаканні крэдыту ад Расіі і ЕўраЗЭС. Ці есць магчымасць паўплываць на тое, каб не атрымалі крэдыту прынамсі ад Еўразэсу?
Сіўчык: “Думаю, на сёння такога механізму не існуе. Але гэтых грошай і так луканоміцы не хопіць, больш за тое, гэтыя крэдыты ўжо даўно распісаныя і праедзеныя. Агонія будзе працягвацца. Тут самае галоўнае, каб грамадзяне Беларусі разумелі, што іх лёс, лёс Беларусі ў іх руках. Расія, на жаль, падтрымлівала і падтрымлівае дыктатара. Але я бачу, што ўсё больш беларусаў разумее, што трэба дзейнічаць больш актыўна. Думаю, што спадзевы Масквы выцясніць актыўную частку беларусаў у эміграцыю, прыватызаваць нашу краіну не спраўдзяцца. Беларусь стане еўрапейскай краінай. З валютнага і палітычнага крызіса ёсць толькі адно выйсце – адхіленне Лукашэнкі ад улады і правядзенне дэмакратычных выбараў. Толькі такім чынам можна вярнуцца у цывілізаваны свет і падняць узровень жыцця беларусаў. Мы заклікаем усіх адмаўляць у падтрымцы нелегітымнага рэжыму. Асабліва мы звяртаем увагу на ролю Масквы, якая ўзмацнілася апошнім часам, і мы рэзка пратэстуем супраць публічнай заявы пасла Расіі Сурыкава аб увядзенні расійскага рубля”.
Фота: commons.wikimedia.org