Вячорка: Калі дачка не прынясе даведку, яе могуць затрымаць у гімназіі

Грамадскі дзеяч і палітык Вінцук Вячорка 110921 Via4erka_site.mp3
Вячорка: Калі я ўчора прыйшоў дамоў, то я быў моцна ўражаны той блытанай інфармацыяй, якую мне пераказала мая 13-гадовая дачка. Ім сказалі прынесці ад бацькоў даведку, дзе і з кім яны будуць, і што будуць рабіць сёння ў другой палове дня, а хто даведку не прынясе, будзе затрыманы ў школе да 21:00.

Зразумела, што я ніякай такой даведкі не пісаў. Гэта абсалютна незаконнае патрабаванне і ў гэтым патрабаванні гучыць прамое абяцанне, што адміністрацыя школы збіраецца здзейсніць крымінальнае злачынства. Ёсць у Крымінальным кодэксе артыкул 183 "Незаконнае пазбаўленне волі", якое караецца пазбаўленнем волі вінаватых у гэтым злачынстве на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Зусім анекдатычнай сітуацыя выглядае яшчэ вось па якой прычыне: маё дзіця ўяўлення не мела ні пра якую сённяшнюю акцыю. Яно даведалася пра яе ў школе.

Еўрарадыё: Ці кантактавалі вы з дырэктарам або з класным кіраўніком, каб даведацца, якая падстава для такіх патрабаванняў?

Вячорка: Не, не кантактаваў. Я буду глядзець, ці выпусцяць маё дзіця сёння са школы. Калі не выпусцяць, то я буду гэта адпаведным чынам фіксаваць, падаваць заяву ў пракуратуру, а калі будзе трэба, то і далей.

Еўрарадыё: Ваша дачка пыталася, што гэта за акцыя?

Вячорка: Яны даведаліся пра гэта ў школе. Гэта чарговы раз сведчыць пра адсутнасць мазгоў у тых ідэолагаў, якія ўсё гэта запланавалі і загады такія распрацавалі.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі